Гарадзенскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу Юрыя Казака

18.02.2010, 10:29  |  Навіны, БХД

Адвакат Юрыя Казака Павал Сапелка патрабаваў адмены вырака Юрыю Казаку па справе помніка Леніну, а таксама накіраваць справу на новае судовае разбіральніцтва ў суд першай інстанцыі.

 

- Я прадаставіў суду ўсе неабходныя дакументы, якія тычацца сямейнага становішча маёй сям’і, даведку аб нараджэнні дачкі, але на рашэнне суду гэта не паўплывала, - паведаміў прэсавай службе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Юры Казак.

 

Нагадаем, 11 студзеня Наваградскі суд за абліты зялёнай фарбай помнік Леніну пастанавіў выплаціць Юрыю Казаку штраф у памеры 250 базавых велічыняў за адзін месяц (8 млн.750 тысячаў рублёў).

 

Павел Сапелка сцвярджае, што суд неабгрунтавана крытычна ацаніў паказанні Юрыя Казака, што тычыцца матываў яго дзеянняў. Таксама суд не цалкам прыняў да ўвагі і памылкова ацаніў паказанні сведкаў.

 

Нагадаем, у ноч з 6 на 7 лістапада ў горадзе мясцовы помнік Леніну быў абліты зялёнай фарбай. З гэтай нагоды тады ж былі затрыманыя моладзевыя актывісты БХД. Дзеянні Казака ахарактарызаваныя як “наўмысныя, парушаючыя грамадскі парадак і вызначаныя асаблівым цынізмам”. Падлічаны і ўрон, які нанёс актывіст “з мэтай знявагі грамадскіх інтарэсаў і гістарычных традыцый, выкарыстоўваючы лакафарбавы матэрыял”. Ён склаў 3.740 рублёў. Частка 1-я артыкула 339 прадугледжвае пакаранне: 3 гады турмы, так званая “хімія” альбо штраф.

Навіны па тэме