БХД рпачынае збор подпісаў у падтрымку законапраекта за бел-чырвона-белы сцяг

19.09.2018, 11:10  |  Галоўныя навіны, Палітыка

БХД рпачынае збор подпісаў у падтрымку законапраекта за бел-чырвона-белы сцяг

 

19 верасня 1991 году бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" набылі статус дзяржаўных сімвалаў Беларусі. У сувязі з гэтым Беларускія хрысціянскія дэмакраты ў гэты дзень пачынаюць збор подпісаў у падтрымку законапраекта, перададзенага ў Палату прадстаўнікоў праз дэпутатаў Ганну Канапацкую і Алену Анісім, за наданне статусу першай дзяржаўнай сімволікі бел-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня».

«Бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня" - гэта неад'емная частка нашай гісторыі, гэта нацыянальныя сімвалы, якія ўвайшлі ў гісторыю беларускай нацыі як першыя беларускі сцяг і герб, зацверджаныя ў пачатку і канцы ХХ стагоддзя. Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі незалежна ад палітычных арыентацый падтрымаць законапраект. Гэта ганьба, калі за бел-чырвона-белы сцяг міліцыя працягвае затрымліваць людзей. Мы выступаем за тое, каб і бел-чырвона-белы сцяг мог выкарыстоўвацца вольна таксама, як і дзяржаўны сцяг, любым грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Пара спыніць нікому не патрэбнае супрацьстаянне з нагоды нацыянальнай сімволікі. Сёння гэта супрацьстаянне выгадна толькі вонкавым ворагам нашай краіны. Заклікаю беларускія ўлады падтрымаць і прыняць праект закона, а ўсіх неабыякавых грамадзян краіны - паставіць свой подпіс у падтрымку законапраекта», - адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Заклікаем таксама беларусаў самастойна далучыцца да збору подпісаў. Спампаваць адпаведны бланк можна тут: blank-Zakon-bchb.pdf [80,04 Kb]

Навіны па тэме