Васіль Бань: вера ў Хрыста – цвёрдая глеба пад нагамі

20 верасня 2018 11:12  |  Грамадства

Васіль Бань: вера ў Хрыста – цвёрдая глеба пад нагамі

 

Працягваем серыю інтэрвію з абаронцамі Курапатаў ад БХД. Сёння госць прэс-службы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі – Васіль Бань.

Васіль, пра Вас шырокая грамадскасць даведалася падчас абароны Курапатаў. Вы стаіце на варце са сцягам, запісваеце відэа. Што падштурхнула Вас стаць у адзін шэраг з абаронцамі?

Каля двух гадоў назад я страціў апошнюю надзею на змены да лепшага ў нашай краіне, якія адбудуцца самі сабой.

Калі ішлі маршы недармаедаў, адзін чалавек у інтэрв’ю сфармуляваў тое, што я думаў, але не адважваўся сабе сказаць. А словы яго былі такія: «Я не дармаед. Мы з жонкай абодва працуем. У нас двое дзяцей. І я разумею, што з кожным годам мы жывем усё горш і горш. Я ўжо не думаю пра штосьці лепшае для сябе, хацелася б лепшага для сваіх дзяцей. Але я не бачу шляху, як гэтага дамагчыся”.

У мяне было такое пачуццё, што я бачу сябе з боку.

Усе мы разумеем, што за занятак палітыкай у нашай краіне, часам, прыходзіцца плаціць высокую цану. Але часам за бяздзейнасць даводзіцца плаціць яшчэ даражэй, пазней і ўсім разам. У гэтай праблеме кожны робіць свой выбар.

Што далей? Адзін у полі не воін. Паўстала пытанне: «А дзе ж знайсці тую дружыну і таго князя, што сёння вядуць няроўны бой за людское шчасце»?

Асабіста мне хопіць пальцаў адной рукі, каб пералічыць апазіцыйных беларускіх палітыкаў, якім я давяраю. Адзін з іх Павел Севярынец. Уласна вось вам і адказ, чаму я сярод абаронцаў Курапатаў.

Вы далучыліся да БХД, стаіце на курапацкай варце па серадах. Чаму гэтая партыя?

У абрэвіятуры БХД ўтрымліваюцца тры ідэі: нацыянальная, хрысціянская і дэмакратычная. Калі вы прапануеце выбраць з іх толькі адну, я выберу хрысціянскую. У нас ёсць шмат партый і рухаў, якія адстойваюць каштоўнасці дэмакратыі або патрыятызму, але не рэлігіі.

Таму БХД.

Распавядзіце пра сябе.

Нарадзіўся ў 1979 годзе ў горадзе Мінску. Бацькі з ліку служачых. Вучыўся ў звычайнай ў школе, любімымі прадметамі былі гісторыя і геаграфія. Пасля заканчэння паступіў у “нархоз”. Атрымаў прафесію эканаміста. Адслужыў у войску. Працаваў па большай частцы ў сферы гандлю, паспрабаваў сябе ў прафесіях ад грузчыка да менеджара. Жанаты. Ёсць двое дзяцей. Па перакананнях – хрысціянін.

Вы малады, разумны чалавек, здольны знайсці сабе месца ў жыцці. Чаму б Вам не прыстасавацца да існуючага ладу? Падумаеш, аўтарытарызм – ды ў іншых краінах сваіх праблемаў хапае, а жыць-та трэба.

Ведаеце, я ўсё жыццё імкнуўся прыстасавацца да навакольнай рэчаіснасці. У біялагічным разрэзе гэта нармальна, і нават прагрэсіўна. Але чалавек – істота біясацыяльная, і вось сацыяльнае прыстасаванства не такі ўжо і станоўчы фенамен. Па вялікім рахунк,у “нармальна” ўладкавацца ў жыцці мне заўсёды замінала сумленне. Пастаянна даводзілася яго ўгаворваць, ісці на кампрамісы. У выніку гэта не прыносіла ўнутранага спакою.

Паглядзіце вакол, мала ў нас магчымасцяў сумленна працаваць і зарабляць. А на нашы законы і правілы? Яны ж створаны для таго, каб іх парушаць. І ў такой сітуацыі з чалавекам «дамовіцца» значна прасцей. Вось і жывуць нашы людзі не па законах (у тым ліку і Божых), а па «паняццях». А навошта жывуць? Для каго, для чаго?

Ці варта прыстасоўвацца? Пакінем пытанне адкрытым.

Вы разважаеце пра хрысціянскія каштоўнасці. Што яны для Вас значаць?

Для мяне Вера ў Хрыста – гэта цвёрдая глеба пад нагамі, якая дае магчымасць выстаяць віры пытанняў і сумненняў. У кожнага ў жыцці бываюць сітуацыі, калі незразумела як паступіць правільна. І ў пэўным сэнсе мы шчаслівыя людзі толькі таму, што маем магчымасць суаднесці свае рашэнні з эталонам запаведзяў Хрыста.

Якія памылкі апазіцыі Вы бачыце?

Давайце спачатку вызначым тэрмін “Беларускаяа пазіцыя”. Скажам, што гэта людзі, якія маюць іншае меркаванне ў адносінах да рашэнняў дзеючай улады, плюс, яны маюць жаданне і вельмі абмежаваныя магчымасці ўплываць на гэтыя рашэнні.

Цяпер пра памылкі. Звернемся да адной гісторыі памылак. У пачаткув айны 1941-1945 гадоў савецкае камандаванне страціла мільёны салдат і тысячы адзінак тэхнікі. Шлях на Маскву быў адкрыты. Пераламаць сітуацыю было практычна немагчыма. Можна сказаць, што войска было ўшчэнт разбіта. Чаму ж немцам не ўдалося сустрэць Новы год у Крамлі? Па-першае, дзякуючы самаахвярнасці мільёнаў людзей, гатовых абараніць сваю Радзіму цаной свайго жыцця. І, па-другое, дзякуючы сібірскім маразам 1941 года, якія літаральна спынілі нямецкую тэхніку.

Таму, пакуль да намаганняў нашых апазіцыянераў не дадасца воля народа і Боскі провід, не варта разважаць пра перамогу ў няроўнай сутычцы.

Што б Вы хацелі сказаць чытачам сайту БХД?

Працягваць чытаць партыйны сайт, Krynica.info і па меры сваіх магчымасцяў падтрымліваць працуяе стваральнікаў.

Надзеі. Любові. Веры.

Болей навін