Правацэнтрысцкая кааліцыя расказала пра пляны на выбары

26.09.2018, 13:22  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Правацэнтрысцкая кааліцыя расказала пра пляны на выбары

 

26-га верасьня кіраўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і руху «За свабоду» заявілі, што правацэнтрысцкая кааліцыя пачынае падрыхтоўку да парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў.

 «Для правацэнтрысцкай кааліцыі праблемы байкоту выбараў не існуе, — заявіў выканаўца абавязкаў старшыні АГП Мікалай Казлоў. — Мы пераканаліся, што за тры месяцы агітацыйнай кампаніі можна зрабіць вельмі шмат для асьветы людзей, і не скарыстацца такой магчымасьцю было б проста абсурдна. Таму ніякага байкоту ні адных, ні другіх выбараў ня будзе».

Спачатку праграма і каманда, пасьля — кандыдат

«Падрыхтоўка да новых прэзыдэнцкіх выбараў гэтым разам будзе прынцыпова адрозьнівацца ад папярэдніх кампаній, — заявіў сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. — Калі раней на першы плян выходзіла фігура адзінага кандыдата, то гэтым разам мы спачатку ствараем адзіную каманду і рыхтуем для нашага прэтэндэнта каля дзясятка праграмаў па самых актуальных праблемах жыцьця».

Паводле яго, галоўнае каб у вызначэньні адзінага кандыдата «было задзейнічана як мага больш людзей».

«Магчыма, прэтэндэнта вызначым праз праймэрыз ці нейкім іншым шляхам. Але імя кандыдата назавуць, і гэта будзе значна раней, чым за тры месяцы да даты выбараў. Працэдура абраньня адзінага кандыдата будзе запушчаная ў 2019 годзе», — сказаў Рымашэўскі.​

Рэгіёны вызначаюць кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў

«Правацэнтрысцкая кааліцыя пачала вызначаць патэнцыйных кандыдатаў для ўдзелу ў выбарах у Палату прадстаўнікоў, — заявіў старшыня руху „За свабоду“ Юрась Губарэвіч. — У рэгіёнах ужо пачалася праца. Ідзе фармаваньне камандаў, вылучэньне актывістаў, вызначаюцца самыя болевыя пункты рэгіёнаў. Усё гэта дапаможа падчас правядзеньня агітацыйнай кампаніі. Можна сказаць, што рэальная палявая праца ў рэгіёнах ужо пачалася».

Аб’яднаная грамадзянская партыя, заснаваная ў 1995 годзе. Яна была ўтвраная праз аб’яднаньне Грамадзянскай (заснаванай у 1994-м) і Аб’яднанай дэмакратычнай партыяў (заснаванай у 1990-м). АГП зь нядаўняга часу ўзначальвае Мікалай Казлоў. У Палаце прадстаўнікоў ёсьць адна прадстаўніца АГП (і адна зь дзьвюх апазыцыянэрак сярод 110 дэпутатаў), Ганна Канапацкая.

Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, адроджаная ў 2004 годзе, а заснаваная аж у 1927-м. Арганізацыя ўжо сем разоў спрабавалазарэгістравацца ў якасьці партыі, але пастаянна атрымлівала адмовы. У БХД чатыры сустаршыні: Павал Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Георгі Дмітрук і Вольга Кавалькова. У мясцовых саветах ёсьць адзін апазыцыйны дэпутат (апазыцыі ў саветах 0,0055%), прадстаўнік БХД Валер Білібуха.

Рух «За свабоду», заснаваны ў 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыйным кандыдатам Аляксандрам Мілінкевічам. Рух цяпер узначальвае Юрась Губарэвіч. Сваіх дэпутатаў ня мае, хоць прадстаўнікі руху удзельнічалі ў мясцовых і парлямэнцкіх выбарах.

Радыё Свабода

Навіны па тэме