Абласны суд не пачуў аргумэнтацыю актывісткі БХД

11.10.2018, 09:15  |  Навіны » Палітыка

Абласны суд не пачуў аргумэнтацыю актывісткі БХД

 

10 кастрычніка ў Віцебскім абласным судзе разглядалася касацыйная скарга сяброўкі аргкамітэту «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Алены Янушкоўскай. Актывістка аспрэчвала рашэньне суду Віцебскага раёну, які 5 верасьня аштрафаваў яе на 12 базавых велічыняў (294 рублі) за ўдзел у недазволеным уладамі пікеце.

Згодна з пастановай Віцебскага райсуду Алена Янушкоўская парушыла парадак арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства (частка 1 артыкулу 23.34 КаАП). Зь меркаваньня суду, 8 жніўня на тэрыторыі Менскага раёну актывістка ў складзе групы ўзяла ўдзел у пікетаваньні рэстарацыі «Паедзем паядзім», што мяжуе з мэмарыяльным комплексам «Курапаты».

Касацыйную скаргу разглядала Сьвятлана Іванова. Двума тыднямі раней гэтая судзьдзя абласнога суду пакінула ў сіле пастановы суду Першамайскага раёну Віцебску, якія спрабавалі аспрэчыць актывісткі БХД Ірына Захарава і Тацяна Севярынец. Яны таксама абвінавачваліся ў арганізацыі несанкцыянаванага пікету 5 верасьня ля злашчаснай рэстарацыі.

Не зважаючы на тое, што Алена Янушкоўская выказала недавер судзьдзі і ўсёй судовай сыстэме, прадстаўніца Фэміды ў аблсудзе працягнула разгляд скаргі.

У скарзе спадарыня Янушкоўская пазначыла, што было парушанае яе права на абарону, а яна сама не магла прысутнічаць на разглядзе справы судом першай інстанцыі, бо на той дзень у яе былі набытыя квіткі па шэнгенскай візе. Таму, паводле скаржніцы, пастанова раённага суду ў дачыненьні да яе мусіць быць адмененая.

Аргумэнтуючы сваю пазыцыю, Алена Янушкоўская даводзіла судзьдзі Івановай, што знаходзілася не на тэрыторыі рэстарацыі, а на тэрыторыі мэмарыяльнага комплексу, дзе пахаваныя ахвяры НКВД часоў сталінскіх рэпрэсіяў, а на наведваньне могілак ня трэба браць дазволу ва ўладаў:

– Гэта могілкі. Чаму я абавязаная прасіць дазвол на ўшанаваньне памяці продкаў і на абарону памяці продкаў у той час, калі ў парушэньне заканадаўства скарачаюцца ахоўныя зоны мэмарыялу Курапаты? Зоны скарочаныя, пабудаваны рэстаран «Паедзем паядзім», былы «Бульбаш-хол» – з абразьлівым назовам для беларусаў. Чаму я мушу прасіць дазвол на наведваньне могілак? Гэта законна? Не!

Да таго ж якім чынам я магла рэалізаваць сваё права на абарону, калі пра разгляд сваёй справы я даведалася напярэдадні а пятай вечара? Мне паведамілі, што назаўтра а палове на дзясятую ў мяне суд.

Алена Янушкоўская прадставіла судзьдзі Івановай дакумэнтальныя сьведчаньні (візу і квіток), якія пацьвердзілі, што яна не магла прысутнічаць на судовым працэсе 5 верасьня. Актывістка прасіла суд Віцебскага раёну перанесьці разгляд справы, але яе просьба была праігнараваная, і суд адбыўся без яе ўдзелу.

Суд аргумэнтацыю скаржніцы выслухаў, дакумэнтальныя сьведчаньні ўзяў пад увагу, але на канчатковае рашэньне гэта не паўплывала. Судзьдзя Іванова пакінула пастанову раённага суду бязь зьменаў, а скаргу Алены Янушкоўскай без задавальненьня.

С. Горкі, Віцебская Вясна

Навіны па тэме