Хто ў каго спісаў? Пенсіянеры атрымалі аднолькавыя адказы на звароты аб льготах

04.12.2018, 10:48  |  Навіны » Грамадства

Хто ў каго спісаў? Пенсіянеры атрымалі аднолькавыя адказы на звароты аб льготах

 

Прыйшлі афіцыйныя адказы ад двух ведамстваў на калектыўны зварот адносна 50-працэнтнай скідкі на праезд у гарадскім транспарце.  Такой скідкі, на думку многіх цяперашніх і будучых пенсіянераў, заслугоўваюць усе грамадзяне, дасягнуўшыя адпаведнага ўзросту.

Адказы, як і трэба было чакаць, адмоўныя, з дзяжурнай аргументацыяй. Адну адмову – ад Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта – падпісаў намеснік старшыні А.П.Крэпак, другую – ад Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне – падмахнуў таксама намеснік, І.Н.Дудка. І што адметна: абедзве копіі зроблены з аднаго зыходніка. То бок лісты ідэнтычныя і не адрозніваюцца нават коскай.

Ініцыятар збору подпісаў пад зваротам Галіна Каржанеўская гаворыць: “Я магла б падумаць, што  нехта ў некага спісаў тэкст. Чаго тут галаву ламаць? І так ясна: дазволу на такую льготу ніхто не дасць. Прасцей убухаць сродкі ў Вярхоўны суд ці ў яшчэ што-небудзь бескарыснае. Але мы ведаем пра існаванне аднаго ўпраўлення, якое кантралюе такія адказы – каб хаця не паабяцалі чаго-небудзь  або не разышліся ў фармулёўках…

Але! Няхай бы блюсціцелі дзяржаўных інтарэсаў лепей чыталі, чаго людзі дамагаюцца. Бо яны пішуць: “Следует отметить, что государственная политика в сфере предоставления льгот носит адресный характер (…) и не предполагает установления новых льгот отдельным категориям населения“.

А мы жа выступаем за льготу для ўсіх пенсіянераў, а не для нейкіх там “катэгорый”. Можа, “асобная катэгорыя” – усе тыя, хто не ў захапленні ад сацыяльнай палітыкі нашай “сацыяльна арыентаванай” дзяржавы?”

Навіны па тэме