Тацяна Севярынец: Калі стануць будаваць Палац шлюбаў, мы гатовыя легчы пад тэхніку

27.12.2018, 09:57  |  Навіны » Грамадства

 

19 сьнежня актывісткі аргкамітэту «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» трапілі на прыём да намесьніка старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктара Глушына. У часе сустрэчы Тацяна Севярынец, Ірына Захарава і Алена Шабуня выказалі чыноўніку заклапочанасьць намерам пабудаваць Палац шлюбаў на тэрыторыі ахоўнай зоны Ніжняга замку.

Як распавялі ВВ сябры БХД, сустрэча са спадаром Глушыным, гісторыкам па адукацыі, насіла нефармальны характар. Чыноўнік запэўніў, што ўсе пытаньні, зьвязаныя з будаўніцтвам у гістарычным цэнтры гораду і досьледамі культурнага слою, калі ён там ёсьць, будуць вырашацца згодна з заканадаўствам. Калі ёсьць культурны слой – значыць будуць археалягічныя дасьледаваньні. Было заяўлена, што канчатковае рашэньне пра будаўніцтва будзе прымацца пасьля аналізу з улікам розных меркаваньняў, патрэбаў і магчымасьцяў. Улічвацца будзе ўсё.

Са свайго боку актывісткі паспрабавалі давесьці, што нельга будаваць у ахоўнай зоне будынак, які парушыць сфармаваны архітэктурны ляндшафт, аднаўленьне якога, найверагодней, стане немагчымым ў будучыні. Выказалі прадстаўніцы грамадзкасьці і сваё бачаньне наконт забудовы плошчы Тысячагодзьдзя. Было адзначана, што сягоньня плошча і так мае прывабны выгляд, але пры наяўнасьці грошай і пасьля адмысловых археалягічных досьледаў мела б сэнс адрадзіць і будынак Дзяржаўнага банку, і Фарны касьцёл, і Харальную сынагогу, і іншыя знакавыя будынкі.

Пры канцы размовы сябры БХД выказалі спадзеў, што кіраўніцтва гораду пачуе голас грамадзкасьці.

Кажа каардынатарка аргкамітэту «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» па Віцебскай вобласьці Тацяна Севярынец:

– Адносна пабудовы Палацу шлюбаў з розных арганізацыяў на нашыя калектыўныя запыты мы ўжо атрымалі лістоў дзесяць. Былі мы і на грамадзкім абмеркаваньні, якое тычылася перадпраектнай справаздачы па ацэнцы ўзьдзеяньня праекту на навакольнае асяродзьдзе. З атрыманых пасьля абмеркаваньня адказаў мы даведаліся, што гэтая зона прыдатная для забудовы. Нас гэта вельмі абурыла. Адказы фармальныя. Карацей кажучы, як заўсёды. Толькі ў адным лісьце, з аддзелу архітэктуры, атрымалі прызнаньне, што справаздача рыхтавалася даўно, і ў ёй зроблены шэраг памылак. Пэўна, было спадзяваньне, што людзі ня будуць уважліва чытаць ці нават ня будуць наогул цікавіцца гэтай тэмай. І ўсё пройдзе.

З гэтай пазыцыі, відаць, было і сёньняшняе пытаньне да нас Віктара Глушына: «Чаму вы так зацікавіліся і чаму пытаньняў не было раней?» Я яму адказала, што гарадзкія ўлады ня грукаюцца да нас у дзьверы і не папярэджваюць пра тое, што  мяркуюць пабудаваць. Калі даведаліся, тады і адрэагавалі.

Разам з тым трэба сказаць, што выслухаў ён нас уважліва. Размова была дэталёвая. Тэму нашага звароту ён ведае добра, але дакладнага адказу пра месца пабудовы будынку мы ад яго не атрымалі. Таму папярэдзілі яго, што будзем абскарджваць рашэньні гарадзкіх уладаў адносна пабудовы Палацу шлюбаў на тэрыторыі Ніжняга замку ва ўсіх інстанцыях.

Кропелькі даўніны зь вялікай гісторыі гораду, якіх так мала засталося ў Віцебску, мы проста абавязаныя захаваць. У іншым выпадку мы гатовыя стаяць да канца. Гатовыя нават легчы пад тэхніку, калі да гэтага дойдзе.

І самае галоўнае – ні сёньня, ні раней  мы не пачулі адказу на пытаньні «Навошта Палац шлюбаў мусіць быць»? і «Чаму ён мусіць быць у гэтым месцы?»

С. Горкі, Віцебская вясна

Навіны па тэме