Павел Севярынец. Дзень Волі-2019: як паветра, патрэбна адзінства!

21.03.2019, 09:43  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Павел Севярынец. Дзень Волі-2019: як паветра, патрэбна адзінства!

 

Наконт сёлетняга дня Волі. Піша і пытаецца шмат сябраў. Людзі разгубленыя і расчараваныя. Што рабіць, куды ісці? Выкажу, што думаю на гэты конт.

Адзіная праблема вакол 23-25 сакавіка сёлета - фатальны вынік нашай раз’яднанасці. Калі Масква заяўляе пра "глыбокую інтэграцыю" і рыхтуе паглынанне - самы час выйсці на Дзень Волі магутнай дэманстрацыяй. Разам. Адзіным фронтам. І паказаць пуціным, бабічам і лукашэнкам: МЫ, БЕЛАРУСЫ - ЗА ВОЛЮ!

У рэальнасці пры такім раскладзе ўсім знойдзецца месца, усе выканаюць тое, што ўмеюць, як найлепей, і ўсім хопіць працы. Блогерам, партыйцам, рашучым, творчым, менчукам, гарадзенцам - усім. Калі ёсць еднасць і каардынацыя - усё астатняе вырашальныя пытанні: кожны выконвае свае функцыі. Але калі Менгарвыканкаму ці Адміністрацыі Лукашэнкі давяраць больш, чым сваім калегам па дэмакратычным і беларускім руху, падаваць заяўкі навыперадкі і ўразнабой без апавяшчэння паплечнікаў, і жадаць "пажаць лаўры паасобку" - тады, канечне, гамон. Развядуць ды сутыкнуць ілбамі спецыяльна абучаныя людзі. І ніякіх, паверце, лаўраў.

Поспех БНР-100 летась быў прадвызначаны тым, што на некалькі тыдняў у Аргкамітэце з’ядналіся ўсе. Каб нас раскалоць, улада пачала гандлявацца і прапанавала канцэрт. Грамадства, дзясяткі тысячаў, напоўніцу скарысталася, сотні пайшлі на затрыманні і суткі.

Сёлета бачым тое, што бачым. Далей без еднасці будзе толькі горш.

Што ж рабіць?

Зараз застаецца паўдзельнічаць паўсюль, дзе магчыма. 23-га на ўрачыстай імпрэзе ў "Вікторыі" (Менск) альбо на канцэрце ў Гародні ля Каложы. 24-га - у Кіеўскім скверы ці на імпрэзе КХП. 25-га - на народных гуляннях, са сцягамі ды феерверкамі.

Але на наступны год катэгарычна ПАТРЭБНА АДЗІНСТВА, сябры. Без гэтага - згубім не толькі дзень Волі, але і незалежнасць. Сціснуць зубы, сесці за адзіны стол, дамовіцца, падаць адзіную заяўку - і выйсці шчыльнымі радамі.

Жыве Беларусь!

Павел Севярынец

Навіны па тэме