Старшыню АГП і сустаршыню БХД затрымалі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску

25 сакавіка 2019 18:29  |  Галоўныя навіны

Старшыню АГП і сустаршыню БХД затрымалі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску

 

Ніякіх акцыяў на дзень або вечар 25 сакавіка ў Менску не анансавалі, але ў цэнтры сталіцы дзяжураць аўтазакі і «людзі ў цывільным». Затрыманыя пакуль тры чалавекі — актывістка Алена Таўстая, якая прыкавала сябе да слупу на Кастрычніцкай, а таксама лідэр АГП Мікалай Казлоў і сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Лявон Вольскі зь сябрамі зьбіраюцца тым часам прагуляцца з музычнымі інструмэнтамі па пешаходных вуліцах.

На Кастрычніцкую плошчу каля 18:00 завітаў былы старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, пазьней да яго падышлі цяперашні старшыня АГП Мікалай Казлоў і сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Рымашэўскі і Казлоў падкрэсьлілі, што не заклікаюць да несанкцыянаваных мерапрыемстваў — проста ідуць пакласьці кветкі да дому, дзе была абвешчаная незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі (вул. Валадарскага, 9). Іх затрымалі менш як празь пяць хвілінаў.

Раней праваахоўнікі затрымалі на плошчы актывістку апазыцыйнага Руху Салідарнасьці «Разам» Алену Талстую, яна прыкавала сябе кайданкамі да слупа, бо «Дзень Волі — у няволі».

Радыё Свабода

Болей навін