У Віцебску актывіста БХД завочна асудзілі на 7 сутак арышту

22.02.2010, 13:57  |  Навіны, БХД

Актывіст Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Алесь Галавань атрымаў пастанову суду па пошце.

 

Актывісты БХД Алесь Галавань і Валеры Раманенка былі затрыманыя ў Віцебску днём 15 студзеня і дастаўлены ў Першамайскі РАУС. Галаванава арыштавалі каля паліклінікі, куды ён ішоў у сувязі з пнэўманіяй, Раманенку - каля пад'езду свайго дома. У іх было канфіскавана чатыры бел-чырвона-белых сцяга. Раманенку таксама інкрымінавалі, што ён пры затрыманні крычаў «Жыве Беларусь!». Аднак у выніку, каб пазбегнуць палітычнай афарбоўкі справы, маладых людзей абвінавацілі ў тым, што яны нібыта «знаходзіліся ў грамадскім месцы ў нецвярозым выглядзе».

 

Апазіцыянеры правялі ў зняволенні трое сутак да суда, а на працэсе запатрабавалі сабе адвакатаў. Суд перанеслі на 2 лютага. Аднак у гэты дзень Алесь Галавань не мог прысутнічаць на працэсе - ён здаваў экзамен у Варшаўскім універсітэце, аб чым апавясціў суддзю. Працэс па яго справе быў перанесены на нявызначаны тэрмін. У выніку суд прайшоў у адсутнасці актывіста – аб даце яго не апавясцілі. Зараз Галавань павінен правесці ў турме яшчэ трое сутак.

 

Апазіцыянеры звязваюць арышты са сваім знаёмствам з актывістам Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Сяргеем Каваленкам, які 7-га студзеня вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай гарадской ёлцы і зараз знаходзіцца пад крымінальным следствам. Пасля гэтага ў Віцебску пачаліся арышты і ператрусы ў дамах апазіцыянераў.

Крыніца: Хартыя-97

Навіны па тэме