Павел Севярынец: Гаранты незалежнасці Беларусі – Госпад Бог і беларускі народ

18 верасня 2019 11:17  |  Галоўныя навіны

Павел Севярынец: Гаранты незалежнасці Беларусі – Госпад Бог і беларускі народ

 

— Журналісты, аналітыкі, палітычныя актывісты, проста неабыякавыя грамадзяне абмяркоўваюць інфармацыю, якую агучыла расейскае выданьне «Коммерсантъ» — пра інтэграцыйныя дакумэнты, якія падпісалі прэм’ер-міністры Беларусі і Расеі 6 верасьня. Ці лічыце вы гэта чарговай, ня вартай вялікай увагі, падпісанай паперай, якіх хапала за гады «інтэграцыі», ці гэтым разам варта казаць пра рэальную пагрозу беларускаму сувэрэнітэту?

— Насьцярожвае, што пасьля публікацыі не было ніякіх сур’ёзных абвяржэньняў. І калі хоць частка так званай «праграмы глыбокай інтэграцыі» праўда — то трэба выходзіць на вуліцы і рабіць масавыя акцыі. Так, як гэта было ў 1996 годзе.

— Наколькі гэтае вашае меркаваньне, якое вы ўжо выказалі ў Фэйсбуку, знайшло падтрымку сярод іншых палітычных лідэраў і актыўнага грамадзтва?

— Палітычнае грамадзтва адгукнулася. Мы бачым у камэнтарах пад пастамі — жаданьне дзейнічаць ёсьць. Акрамя масавай вулічнай акцыі, у беларускага народу хіба што нічога не засталося. Пэтыцыі — гэта добра, варта, каб іх падпісвалі тысячы людзей. Але на пэтыцыі ані Крэмль, ані Лукашэнка не зважаюць.

Тады трэба будзе выходзіць у рэал, шматтысячнымі масавымі акцыямі. Беларусам ёсьць што губляць. Бо калі сюды прыйдзе Крэмль, Масква, алігархія, расейскае войска, ФСБ — мала што застанецца ад нашай краіны. Можна будзе забыцца нават пра тую мадэль выжываньня, якую мае беларускае грамадзтва апошнія гады.

Наконт стаўленьня палітычных лідэраў. Найбліжэйшыя дні мы будзем раіцца, у нас будуць магчымасьці сустрэцца з палітычнымі лідэрамі. І я лічу, што тут і Статкевіч, і КХП БНФ, і блогеры, тыя, хто ўдзельнічае ў выбарах, і тыя, хто іх ігнаруе — усе павінны аб’яднацца. Бо гаворка ідзе пра тое, быць ці ня быць Беларусі незалежнай дзяржавай.

Вымалёўваецца адразу некалькі датаў. 6 кастрычніка Статкевіч ужо запрасіў на плошчу Свабоды ў Менску. Там гэта праходзіць у рамках «выбарчага пікету». Думаю, там можна сабраць шмат людзей. «Дзяды» 31 кастрычніка — думаю, што трэба будзе ператвараць іх у акцыю за незалежнасьць. 16 лістапада — субота перад так званым «галасаваньнем», калі прыедзе шмат замежных назіральнікаў глядзець на так званыя «выбары». Я думаю, ёсьць заканадаўчая магчымасьць праводзіць у гэты дзень масавы «пікет». І ўрэшце, бліжэй да самой даты падпісаньня, 8 сьнежня, — на мой погляд, гэта магла б быць самая моцная акцыя.

— Апошні год, асабліва пасьля так званага «ўльтыматуму» расейскага прэм’ер-міністра Мядзьведзева, Лукашэнка нярэдка выказваўся, што сувэрэнітэт непарушны, што ён ніколі ня здасьць незалежнасьць і гэтак далей. І, як выглядае, гэтыя выказваньні маюць свой уплыў, бо многія і палітычныя аналітыкі, і камэнтатары заяўляюць, што Лукашэнка ніколі ня здасьць сувэрэнітэт, бо гэта ягоная ўлада. Як вы ставіцеся да такой лёгікі?

— За апошнія месяцы мне таксама давялося чуць, нават ад паплечнікаў, што, акрамя Лукашэнкі, у Беларусі не засталося перашкодаў да крамлёўскага аншлюсу. Але гэты рэжым сам з дапамогай Крамля 25 гадоў расстаўляў пасткі для незалежнасьці — кідаў у турмы лепшых беларусаў, нішчыў мову, культуру, парасткі грамадзянскай супольнасьці, разбураў эканоміку, рабаваў народ.

Цяпер некаторымі гэта не бярэцца ў разьлік. Думаюць, што страх перад Крамлём раптам перарабіў гэты рэжым. Не перарабіў. Можна было б прыняць такі паварот, калі б Лукашэнка выступіў са зваротам, публічна пакаяўся, скасаваў усе кабальныя дамовы з Расеяй, адмяніў падатак на дармаедзтва, кантрактную сыстэму, скарачэньне пэнсійнага ўзросту і ўсе астатнія жахлівыя рэчы, якія ён зрабіў як петлі на шыі беларусаў. Людзі ня будуць абараняць пятлю на сваёй шыі.

Калі Лукашэнка хоча абараніць незалежнасьць, то яму трэба даць свабоду народу, правесьці вольныя выбары і сысьці самому. Выкручвацца далей не атрымліваецца, бо Расея ціск узмацняе, і рана ці позна затрашчаць косьці.

Нам усім трэба разумець — не Лукашэнка гарант незалежнасьці. Гарант незалежнасьці ёсьць Гасподзь Бог і беларускі народ. Нават на Захад асаблівай надзеі няма. Магчыма, яны будуць ня супраць маральна нас падтрымаць, але, як паказвае прыклад Украіны, вельмі сур’ёзна ўпрэгчыся за нашу незалежнасьць ня будуць гатовыя.

Нам трэба разьлічваць на тую масу беларускага народу, якая пакуль сьпіць, якая думае, што ўсё абыдзецца, што нічога ня страціцца

— Ці не адбываецца зараз у пэўных дыскусіях падмена паняцьцяў, падмена мэтаў? Калі некаторыя забываюць пра ролю Лукашэнкі, з-за якой і зьявілася пагроза незалежнасьці, і — альбо намёкамі, альбо нават адкрыта — кажуць, што, маўляў, ня той час, каб выступаць супраць Лукашэнкі.

— Наша гістарычная адказнасьць у тым, каб незалежнасьць захаваць. Адначасова нашай адказнасьцю ёсьць пазбавіцца ад рэжыму Лукашэнкі, які гэтую незалежнасьць губіць. Лукашэнка — гэта ня частка рашэньня. Лукашэнка — гэта частка праблемы. Рана ці позна яму давядзецца сыходзіць.

Нам трэба трымацца інтарэсаў беларускага народу, а Лукашэнка выступае супраць гэтых інтарэсаў, супраць мовы, культуры, рэальнай незалежнасьці. Урэшце, ён можа проста адбіць у людзей жаданьне жыць у сваёй незалежнай дзяржаве, бо гайкі закручваюцца ўсё болей.

Ёсьць вельмі шмат людзей, якія шчыра вераць, што трэба выбіраць «меншае зло». Ёсьць людзі, якія сьвядома вядуць такую палітыку, бо ў іхнім разуменьні гэта «рэал палітык». Ёсьць інфільтраваныя людзі, якія мусяць пра гэта казаць, бо іх прымушаюць ці ім за гэта плацяць.

Я думаю, усім зараз трэба ўзьяднацца, каб сказаць «не» Расеі і «не» Лукашэнку. У крытычныя моманты павінна быць катэгарычнасьць. Калі мы пачынаем выбіраць «меншае зло», то мы пацерпім паразу. Катэгарычнасьць — гэта неабходная ўмова, каб меншымі сіламі, маральнай пазыцыяй абудзіць беларускі народ.

— Мінулыя прэзыдэнцкія выбары ў 2015 годзе ўпершыню прайшлі бяз Плошчы, нават без падрыхтоўкі да Плошчы. У тым ліку быў і такі аргумэнт — што, маўляў, калі будзе Плошча, то сюды прыйдзе Пуцін. Які стратэгічны кірунак павінны абраць апазыцыйныя сілы на выбары 2020 году?

— Трэба будзе ў першую чаргу рабіць папраўку на пагрозу незалежнасьці. Трэба будзе ў любым разе закладаць масавы выхад на вуліцу. Гэта будзе альбо пратэст супраць паглынаньня, якое рыхтуе Расея, альбо пратэст супраць рэжыму, альбо пратэст супраць аднаго і другога. 2015 год — гэта была горкая параза, гэта быў урок для апазыцыі, наступны пасьля 2010 году.

І тут мы павінны выбіраць — паміж скрайнасьцю неабдуманага і непадрыхтаванага пратэсту, і, зь іншага боку, адсутнасьцю пратэсту і поўным падаўленьнем грамадзкай актыўнасьці. Залатая сярэдзіна ляжыць у плашчыні ўсеагульнай еднасьці і стратэгічнай прадуманасьці сваіх крокаў.

— Раней, яшчэ гадоў 10 таму і нават 5 гадоў таму, у стаўленьні да Лукашэнкі ўсё было даволі празрыста. Супраць Лукашэнкі былі людзі, якія былі скіраваныя на эўрапейскі выбар, дэмакратыю, рынак. Але пасьля 2014 году зьявіўся новы трэнд, калі супраць Лукашэнкі пачалі выступаць прарасейскія людзі, «крымнашысты». Як можна ўлічваць гэты аспэкт у палітычнай дзейнасьці? Калі такі чалавек падыходзіць да апазыцыйнага пікету і кажа, што любіць Пуціна, але ня любіць Лукашэнку — як на яго рэагаваць?

— Такому чалавеку трэба пастарацца дапамагчы пазбавіцца ад кашы і туману ў галаве. Трэба пастарацца жывымі прыкладамі выводзіць яго на праўду пра Беларусь. Распытваць, ці добра там у Расеі, абуджаць у ім беларуса, распытваць пра ягонае жыцьцё, адкуль ён, бацькі адкуль. Гэта вельмі карпатлівая праца, і нярэдка няўдзячная, бо чалавека, як правіла, не пераб’еш кароткімі размовамі.

Наконт палітычнага хаўрусу — палітычнымі хаўрусьнікамі дэмакратычных сілаў такія людзі, такія сілы быць ня змогуць. Нельга яднацца з прарасейскімі актывістамі супраць Лукашэнкі — Масква абавязкова гэта выкарыстае.

Нам трэба разьлічваць на тую масу беларускага народу, якая пакуль сьпіць. Яна думае, што ўсё абыдзецца, што нічога ня страціцца. Паўтаруся — калі сюды прыйдзе Расея, беларусам ёсьць што губляць.

Радыё “Свабода”

Болей навін