“Гэта выпрабаванне для мяне”. Гутарка з новай кіраўніцай МХД

28.10.2019, 09:27  |  Галоўныя навіны, Палітыка

“Гэта выпрабаванне для мяне”. Гутарка з новай кіраўніцай МХД

 

12 кастрычніка аргкамітэт Маладых хрысціянскіх дэмакратаў абраў новую старшыню. Ёю стала Надзея Гацак, вядомая нашым чытачам у тым ліку па сваіх фотарэпартажах і блогу на Krynica.info. Мы паразмаўлялі з Надзеяй, каб даведацца, што для яе значыць ейная новая роля.

 

Надзея, прывітанне. Найперш, віншую з абраннем і жадаю натхнення і моцы на новай пасадзе кіраўнічкі Маладых хрысціянскіх дэмакратаў. Пачнем з вызначэння пазіцыяў — чаму менавіта хрысціянская дэмакратыя?

 

Дзякуй. На гэтае пытанне даволі проста адказаць, бо ніякая іншая партыя не адпавядае мне на столькі, наколькі адпавядае БХД. Я каталічка і ў 13 гадоў свядома прыняла хрост. Хрысціянства і яго прынцыпы — гэта лад майго жыцця. А па поглядах я дэмакратка, выступаю за магчымасць дыскусіі. Важна, каб у людзей былі асноўныя свабоды, прапісаныя у дэкларацыі правоў чалавека 1948 года. Наогул сама наша партыя вельмі мне імпануе, бо ў ёй я бачу цудоўных, добрых і вельмі адукаваных людзей. Мне падабаюцца тыя накірункі дзейнасці, якімі займаецца БХД. Яны адпавядаюць патрэбам грамадства і асабіста маім. Таксама важным момантам у выбары стала тое, што мой муж з’яўляецца сябрам гэтай арганізацыі і праз яго я шмат даведалася пра кампаніі і планы.

 

МХД для цябе — гэта пакліканне, наканаванне ці можа хобі?

 

Складана сказаць, што гэта, але не хобі. Гэта тая дзейнасць, якая на дадзены момант мне патрэбна. І так супала, што сама МХД патрабуе чагосьці новага. Пра пакліканне я змагу сказаць толькі праз некалькі год, але калі глядзець на тое, што адбываецца ў маім жыцці, менавіта гэта дарога згуляе важную ролю. Яна не будзе лёгкай, але гэта выпрабаванне для мяне, з якім я мушу справіцца. І, па шчырасці, гэта вельмі вялікая адказнасць. Не толькі за тое, што адбываецца зараз з МХД, але і за тое, што будзе з імі пасля. Таму пакуль мне здаецца, што гэта наканаванне.

 

Ты — мама трох дзетак. Просіцца цытата з вядомага фільма: «Цяжка з трыма, а калі трох навучышся арганізоўваць, далей лік ужо не мае значэння». Як думаеш, ці будзе табе дапамагаць вопыт «арганізацыі» уласных дзетак у МХД? 

 

Я думаю, што гэта дакладна не будзе залішнім. Па шчырасці, мне няцяжка арганізаваць дарослых людзей, бо яны не разбягаюцца ў розныя бакі, пакуль я адвярнуся па нешта. Галоўнае — знайсці правільную матывацыю і не патрабаваць больш, чым асобны чалавек можа даць. Кожны наш сябра — каштоўны і ўнікальны, і знайсці падыход вельмі важна для мяне. Пакуль мне вельмі падабаецца, як усё ідзе. Можа, канешне, гэта ад таго, што я нічога не чакала. Цяпер нашыя маладыя хадэкі мяне моцна і вельмі прыемна здзіўляюць.

 

У адрозненні ад БХД, у МХД скрозь жаночае лідарства — у чым сакрэт?

 

Не ведаю, ці наогул ёсць нейкі сакрэт, мне здаецца, што так проста супала. Ці дрэнна гэта, ці добра? Я думаю, гэта нармальна. Вельмі спадзяюся, што наступным старшынёй стане хлопец.

 

Ты таксама ўдзельнічаешувыбарчай кампаніі, робіце акцэнт на рэформе адукацыі. Што менавіта хочаце змяніць праз сваю кампанію? Дзе будзеце шукаць падтрымку і актывістаў, каб дасягнуць мэту?

 

Асноўных пытанняў у нас некалькі – гэта памяншэнне нагрузкі на настаўнікаў, якой на сёння зашмат і якая вынішчае жаданне працаваць у школе. Нашы настаўнікі замест таго, каб распрацоўваць цікавыя метады выкладання прадметаў, займаюцца запаўненнем паперак, перапісам насельніцтва, фальсіфікацыяй выбараў, хаджэннем па кватэрах вучняў з праверкамі. Думаю, апошнім наогул павінны займацца спецыялісты у сацыяльнай сферы.

 

Таксама адным з пунктаў праграмы ёсць падвышэнне заробку настаўнікам да вышэйшага за сярэдні, бо цяпер мы маем паніжэнне статусу прафесіі настаўніка. І нават тыя, хто сапраўды любіць гэту працу, не могуць пражыць на той заробак, што прапануе дзяржава. На жаль, усё часцей маладыя людзі, адбыўшы на размеркаванні, не працягваюць працу у прафесіі і нават з’язджаюць за мяжу.

 

Вельмі важна павялічыць профільнасць адукацыі. У ідэале, каб профільныя класы пачыналіся чым раней, хаця б з 7–га класу. Трэба зрабіць акцэнт менавіта на тых прадметах, што сапраўды цікавяць вучняў і да чаго яны маюць большыя схільнасці.

 

Калі казаць пра вышэйшую адукацыю, то важна, нарэшце, даць універсітэтам самакіраванне, а не прызначаць рэктараў. Каб была акадэмічная свабода і пасля сканчэння маладыя спецыялісты маглі знайсці сабе працу з годным заробкам.

 

Трэба павялічыць працэнт беларускай мовы — як у школах, садках, гэтак і ў вну, каб можна было свабодна выбраць мову навучання пры паступленні ва ўніверсітэты. Гэта важна, бо за апошнія гады колькасць людзей, што навучаюцца на беларускай мове, паменшылася: калі ў 2016/2017 навучальным годзе было 11,3% “беларускамоўных” першакласнікаў, то ў мінулым — толькі 9,7%. Як бачым, тэндэнцыя відавочна дрэнная. Лічу вартым увесці надбаўку для тых настаўнікаў, якія выбралі выкладаць свой прадмет на роднай мове. Гэта добры стымул для развіцця беларускай мовы і падтрымка незалежнасці Беларусі.

 

Таксама прыярытэтным накірункам МХД абралі экалогію. Што найбольш клапоціць? Як змяняць сітуацыю і ці адказала Грэта Тунберг?

 

Цяпер экалогія — гэта адна з найважнейшых тэмаў усяго свету. Беларусь не павінна быць выключэннем, тым больш, што маем рэальную пагрозу ў выглядзе АЭС, што зараз будуецца. На мой погляд, сама сітуацыя, пры якой у нашай краіне будуюць атамную станцыю, абсурдная. Пры тым з такой колькасцю парушэнняў. Мы так моцна пацярпелі пры Чарнобыльскай аварыі, у нас вельмі складаная сітуацыя з экалогіяй. Як наогул можна так рызыкаваць? Таксама маем некалькі дадатковых праблемаў, напрыклад, у выглядзе будаўніцтва акумулятарнага  заводу у Берасці.

 

Грэта пакуль не адказала, але мы разумеем, што не адзіныя ёй пішам. Маем надзею на тое, што яна зверне ўвагу і на Беларусь яшчэ і таму, што АЭС пасярод Еўропы будзе небяспечнай і для Швецыі таксама.

 

Зараз гарачая пара выбарчай кампаніі, і ты — кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Дазволім сабе памарыць, ты атрымліваеш дэпутацкі мандат. Улічваючы існуючы вопыт апазіцыйных дэпутатак, як скарыстаешся паўнамоцтвамі?

 

Я не магу нічога абяцаць, але калі раптам, то буду працаваць па максімуме, выцягваць усё магчымае з паўнамоцтваў дэпутата. Вядома, я буду не адна, са мной ёсць каманда, якая дапаможа ў працы. Мы бачым, што дзейныя дэпутаткі часам маглі перацягнуць нават некалькіх праўладных дэпутатаў на свой бок. Сярод іншага, атрымалася ўнесці змены ў адзін з самых гучных крымінальных артыкулаў апошняга часу – 328. Так што, будзем працаваць.

 

Працягні, калі ласка, «каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба…» А што трэба?

 

…пабачыць дробязі. На мой погляд, праз розныя цудоўны дробязі і зараджаецца нешта вялікае і неабдымнае. Любоў да Радзімы можа быць ад самага пачатку, але ёсць пэўны момант, калі безумоўная любоў патрабуе перараджэння. Для мяне наноў любоў да Беларусі выявілася ў маленькіх старых дворыках, у пялёстках рамонкаў і валошкаў, у сцяжках на вышыванцы, у асобна ўзятых словах, такіх як “дрыготкасць”, напрыклад. А з чараўніцтва дробязаў складаецца любоў ужо сталая.

 

Дзякуй вялікі і жадаю перамогаў!

Гутарыла Вольга Алейнік, Krynica.info

Навіны па тэме