Таццяна Канеўская адказала на крытыку з боку Лукашэнкі: Улады ня хочуць прызнаваць сваю віну

29 кастрычніка 2019 19:41  |  Палітыка

Таццяна Канеўская адказала на крытыку з боку Лукашэнкі: Улады ня хочуць прызнаваць сваю віну

 

Заява Аляксандра Лукашэнкі — пошук вінаватых, а ня пошук вырашэньня складанай праблемы. Гэтак на крытыку кіраўніка дзяржавы ў бок руху «Маці 328» адказала актывістка і былая галадоўніца, кандыдатка ў дэпутаты ад БХД Тацяна Канеўская з Гомля.

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе па праблеме барацьбы з наркотыкамі, якая прайшла 29 кастрычніка, згадаў пра актывістак ініцыятывы «Маці 328».

«Асабліва абмяркоўваюць і галосяць так званыя „Маці 328“, — сказаў Лукашэнка. — Мы, вядома, іх разумеем: гэта бяда ў сямʼі. Ім трэба параіць своечасова займацца сваімі дзецьмі. А потым галасіць, стагнаць і выстаўляць прэтэнзіі ўладзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Тое, што закінуў нам Лукашэнка, — маўляў, самі вінаватыя, бо не выхоўвалі сваіх дзяцей, — я часта чую падчас спрэчак з простымі людзьмі. Але гэта пошук вінаватых, а ня пошук вырашэньня складанай праблемы. Як бы ўлады ні пахваляліся, статыстыка кажа, што яна дагэтуль ня вырашаная», — пракамэнтавала Тацяна Канеўская.

Яна ня лічыць, што недапрацавала ў выхаваньні свайго сына, які цяпер сядзіць у калёніі за распаўсюд наркотыкаў.

«Усяго ў мяне чацьвёра сыноў. Мой старэйшы, Аляксандар, рос у цяжкія 90-я гады, калі ўсяго не хапала. Калі ў нас у горадзе зьявіліся наркотыкі, ані я, ані сын да гэтай зьявы не былі падрыхтаваныя. Асабіста я пра наркотыкі даведалася, калі арыштавалі сына. Мы сталі ахвярамі неінфармаванасьці, а ў гэтым віна найперш дзяржавы. Гэта яна замоўчвала праблему, а калі спахапілася, дык пачала закручваць гайкі і саджаць без разбору».

Актывістка крытычна паставілася да статыстыкі, да якой апэляваў Аляксандар Лукашэнка.

«Ён прыводзіць дадзеныя, што ў нас сьмяротнасьць ад перадазаваньня меншая ў 14 разоў за Літву і ў 72 разы за ЗША. Але чаму не бяруцца для параўнаньня лепшыя прыклады, а ня горшыя? Чаму не вывучаецца досьвед Галяндыі, дзе турмы зачыняюць, бо паменела злачынстваў? Нашы судзьдзі сталі чыноўнікамі і гоняцца за паказчыкамі, а не спрабуюць разабрацца ў лёсах людзей і прычынах іх учынкаў. А статыстыка асуджаных за наркотыкі насамрэч паказвае, што бяда ня стала меншай».

Паводле актывісткі, у 2013 годзе было 2493 асуджаных, у 2014-м (калі зрабілі больш жорсткімі антынаркатычныя законы) — 3471, але летась — зноў 2452.

«Сёлета за 9 месяцаў ужо болей за 3000 асуджаных — па дадзеных МУС. Дык пра які пералом кажа Лукашэнка? Наркотыкаў у краіну вязуць яшчэ больш, толькі зьмянілася структура спажываньня. І як асуджалі 17-гадовых, гэтак і працягваюць асуджаць. Трэба паставіць моцны бар’ер прывозу ў краіну наркотыкаў і распаўсюду праз інтэрнэт, а яго дагэтуль няма», — мяркуе актывістка «Маці 328» Тацяна Канеўская.

Радыё Свабода

Болей навін