Вольга Кавалькова: Дэпутаты падтрымліваюць самыя бязглуздыя рашэнні чыноўнікаў (відэа)

30.10.2019, 21:33  |  Галоўныя навіны, Палітыка

Вольга Кавалькова: Дэпутаты падтрымліваюць самыя бязглуздыя рашэнні чыноўнікаў (відэа)

 

Сустаршыня БХД Вольга Кавалькова, якая вылучаецца кандыдатам у дэпутаты ў Менску па Пушкінскай акрузе № 103, у сваім тэлевыступе заявіла, што выбары – гэта адна з невялікіх магчымасцяў звярнуцца да беларусаў з дзяржаўнага тэлеканала.

“Тыя, хто нязгодны з палітыкай улады, пазбаўленыя гэтай магчымасці. Права на свабоду слова, права на свабоду выбару скралі ў кожнага з нас”, - заявіла яна.

Паводле сустаршыні БХД, у кампаніі яна ўдзельнічае, каб паказаць, што ў краіне ёсць альтэрнатыва, што “ёсць кампетэнтныя і адказныя людзі, якія нават у такіх складаных умовах пры адсутнасці дэмакратыі кожны дзень намагаюцца змяняць краіну і дапамагаюць людзям вырашаць іх праблемы”.

“Менавіта з такой альтэрнатывы павінен складацца сапраўдны парламент”, - адзначыла кандыдат.

Яна падкрэсліла, што праз няздольнасць уладаў палепшыць жыццё ў краіне многія грамадзяне ўцякаюць за мяжу або співаюцца ў Беларусі, адчуваючы сваю непатрэбнасць.

“Судовая сістэма пабудаваная на прэзумпцыі вінаватасці і несправядлівасці, а праваахоўная – на фальсіфікацыях і рэпрэсіях. Прызначаныя дэпутаты падтрымліваюць любое, нават самае бязглуздае рашэнне чыноўнікаў. Такое, як дэкрэт аб дармаедах”, - заявіла Вольга Кавалькова.

Навіны па тэме