Галіна Каржанеўская. Пудзіла пад назвай “выбары”

04.11.2019, 17:10  |  Блог Галіны Каржанеўскай, Палітыка

Галіна Каржанеўская. Пудзіла пад назвай “выбары”

 

“Дамагайцеся сумленных выбараў!” – як мантру, паўтараюць палітолагі і чытачы незалежнай прэсы. “Перастаньце ўдзельнічаць у дрэнным спектаклі, вы ж не акцёры…” Ну дапусцім, перасталі. Ганарліва адвярнуліся і зрабілі выгляд, што нам усё роўна. Пра тых, хто прытрымліваецца малаўцямнай у нашых умовах тактыкі байкоту, у мяне нават сатырычны вершык напісаўся.

Гэй, заляжам на канапы!

Мы сістэме з даўніх пор

Прынцыпова, ціхай сапай,

Аб’яўляем свой “ігнор”.

Дазволю сабе адказаць за ўсіх, хто вызнае дэмакратычныя і нацыянальныя каштоўнасці, займае незалежніцкую пазіцыю і гатовы яе адстойваць. Так, мы не акцёры, але мы і не староннія гледачы, загнаныя на галёрку. Калі мы  ўдзельнічаем у выбарчым “працэсе”, то дамагаемся многага. Вучымся трымаць удар (калі рэгіструемся кандыдатамі), збіраем кампрамат (калі назіральнікі), атрымліваем вопыт працы з людзьмі ў пікетах, маем магчымасць легальнага прасоўвання грамадскіх праектаў.

“Хто іх ведае?” – рытарычна пытаўся з экрана нязменны кіраўнік дзяржавы. (Перад выбарчай дзеяй ён не забыўся “ўбрыкнуць” палітычныя партыі і рухі.) Яго б мы таксама меней ведалі, калі б кожны дзень не бачылі па ТВ. Адзін спецыяліст з Беларусі працаваў нейкі час у Венесуэле, дык там, казаў, паказвалі Галоўнага хіба што раз на тыдзень. Як з гэтым у Паўночнай Карэі – не ведаю, маніць не буду.

Пудзіла пад назвай “выбары” даўно высмеялі ўсе, нават вароны. Тым не менш, яно красуецца на грамадскім полі і не саромеецца сваіх лахманоў. Нельга абхітрыць самага большага хітруна – дзяржаву. Як прызнавалася знаёмая, “я не магу змагацца з дзяржавай, бо ў мяне сілы меней”.

Чаму  ўлады адмаўляюцца ўносіць змены ў выбарчае заканадаўства? Таму што змена хаця б аднаго пункта праявіць фашывасць усіх астатніх. Тады ўся гэта прадуманая подлая сістэма абрынецца, як картачны дамок.       Пра яе спецыфічнасць, на жаль, мала ведае просты электарат, выхаваны яшчэ Савецкім Саюзам. У некаторых прадстаўнікоў форменная каша ў галаве. Пасля тэлевізійнага выступу кандыдатаў у дэпутаты тэлефануе ветэран працы з Баранавічаў (яна не прадставілася). Хто канкрэтна  жанчыну ўзбурыў, я так і не зразумела. З яе блытанага маналога ясна было адно: ва ўсіх грахах яна чамусьці вінаваціць “свядомых” (слова гэтае прамаўлялася з сарказмам, што мне падалося знаёмым).

Жанчына з абурэннем пыталася, чаму мы не зоймемся сеткай крам “Еўраопт”, бо іх ніхто не правярае. Там дзяўчаты нібыта па 14 гадзін праседжваюць за касамі. (Ад сябе дадам: ходзяць чуткі, што касіркі вымушаны надзяваць памперсы. – Г.К.) Іх штрафуюць за кожную дробязь, якую пенсію яны атрымаюць? “Еўраопт” заваблівае пакупнікоў акцыямі са зніжкай у 10 капеек і г.д. Каму падначальваецца гэты гандлёвы манапаліст, не ўсім вядома. Затое незнаёмая на тым канцы дрота крытычна ставіцца да алігарха, які ўзначальвае “Дарыду”.

Што на гэта скажаш? Такі народ зручна падманваць, ён наіўны, як дзіця. А падман давер’я, як сказана ў Бібліі, – найбольшы грэх.

 

                                                                                    Галіна Каржанеўская

Навіны па тэме