Павел Севярынец збірае грошы на выданне другой кнігі свайго рамана

26.11.2019, 17:48  |  Навіны » Грамадства

Павел Севярынец збірае грошы на выданне другой кнігі свайго рамана

 

Павел і Вольга Севярынцы пачалі на краудфандынгавай платформе "Вулей" збор сродкаў на кнігу "Беларусалім. Сэрца святла" - працяг рамана сустаршыні БХД.
Першая кніга раману “Беларусалім. Золак” стала найбольш папулярным творам Паўла Севярынца: прэзентацыі сабралі 300 чалавек у Менску і па 50-60 чалавек у абласных гарадах; за некалькі месяцаў разышлося больш 1000 асобнікаў кнігі. Для беларускай кнігі гэта шмат. “Беларусалім. Золак” заняў першае месца на конкурсе “Кніга году” сярод чытачоў, другое месца сярод пісьменнікаў і ўвайшоў у шорт-ліст прэміі Гедройця.  
Пра што "Беларусалім. Сэрца святла"?
Паводле Паўла Севярынца, гэта не фантастычная літаратура, а раман-прытча. Многіх герояў чытачы пазнаюць як сваіх сучаснікаў.
Канец свету пачынаецца ў Беларусі. Карпарацыя “Непагасны свет” з чорным квадратам у якасці сімвала праграмуе ў Менску пульт ад чалавека – і пры падтрымцы ўлады выкарыстоўвае ў сваіх мэтах рух хрысціянскага абуджэння, які пачынаецца на тэрыторыі былога ВКЛ. 
Беларусь робіцца эпіцэнтрам сусветных падзеяў.
Дзеянне кнігі разгортваецца ў Беларусі (Менск, Барысаў, Полацк, Віцебск, Ворша, Наваградак, Берасьце, Гародня, Будслаў, Меншчына, Гарадзеншчына, Берасцейшчына), на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага (Вільня, Смаленск, Кіеў, Беласток), а затым і за яго межамі (Варшава, Масква, Вена, Стразбур, Вашынгтон, Бостан, Філадэльфія, Нью-Ёрк).
Вострасюжэтны раман – вір веры і кахання, любові і волі, змагання і здрады, глыбокага рэха гісторыі і нечаканых адкрыццяў.   
Чытачы нарэшце даведаюцца, хто насамрэч бацька галоўнага героя раману, хто з персанажаў “Беларусаліма” загіне, чыёй абранніцай стане Воля – і што будзе з краінай, якую называюць Беларусь.
“Беларусалім. Сэрца святла” - ключ да таямніцы гістарычнага лёсу Беларусі.
Аб’ём кнігі – 510 старонак.  
Падтрымаць выданне рамана "Беларусалім. Сэрца святла" можна праз спасылку: https://ulej.by/project?id=1233564

Навіны па тэме