Надзея Гацак: У Менску не можа быць прыватнай забудовы? А як жа Дразды? (відэа)

29.11.2019, 12:43  |  Навіны » Палітыка

Надзея Гацак: У Менску не можа быць прыватнай забудовы? А як жа Дразды? (відэа)

 

Старшыня МХД Надзея Гацак 28 лістапада наведала грамадскія слуханні па пытанні забудовы часткі Кастрычніцкага раёну Менску ў межах вуліц Берасцейская – Кіжаватава і ракі Лошыца, дзе яна нядаўна балатавалася кандыдатам у дэпутаты. Слуханні праходзілі ў сярэдняй школе № 1.

«Калі каротка пра сённяшнія слуханні, то людзям паказалі план, па якім збіраюцца забудоўваць раён, дзе зараз у асноўным прыватныя дамы і двухпавярховікі. Не разлічвалі, што прыйдзе шмат людзей, і сустрэча адбылася толькі з другога разу – у першае месца сустрэчы не змясціліся ўсе жадаючыя.

З таго, што абмяркоўвалася, больш за ўсё запомнілася, што чыноўнікі, што прадстаўлялі план, увесь час казалі пра тое, што Менск павінен развівацца, што двухмільённы горад не можа мець прыватную забудову (ім, канешне, адразу прыгадалі Дразды), што прапановы прымаюцца толькі ў пісьмовым выглядзе, што ўсё трэба знесці, а астатняе не іх кампетэнцыя.

Па факце людзей хочуць выселіць з самага цэнтру (раён аэрапорта) і альбо даць кампенсацыю, альбо пасяліць у лепшым выпадку ў спальнік. У горшым – у Смалявічы. Тыя дамы, што не ідуць пад снос, будуць ушчыльнены высоткамі. Трэцяе кальцо пройдзе па дамах і зялёнай зоне, практычна па галавах тых, каго не знясуць. Пакуль не знясуць.

Шмат казалася пра тое, што гэтаму раёну не патрэбны той дзіцячы садок, які вырашылі пабудаваць на трох прыватных дамах побач з могілкамі, але горадабудаўніцтву, вядома, лепш бачна. Паліклінікі, якія як раз патрэбныя, не запланаваны. У прынцыпе, усё як заўсёды, на людзей пляваць, горад павінен развівацца і іншага шляху, як знесці ўсё, няма. Кажуць, у вас там выграбныя ямы, як такое можна пакідаць. А і правільна, такое нельга пакідаць, але ў нармальных краінах да старых цікавых будынкаў праводзяць каналізацыю, а ў нас проста зносяць».

Надзея Гацак таксама заклікае падпісаць петыцыю за рэформу горадабудаўніцтва: https://docs.google.com/forms/d/1UD2qfsAVb4Wk8lDfMOvSvTi4Ec3Ov0dlyqHELA8HuFA/edit?fbclid=IwAR3gs7LV2B-rRHs7cWT30TqqwHXNVDhEsaLZb6nm_Vt5ckaZ9bH-xz1rU38

Навіны па тэме