Беларусь шануе памяць Яна Паўла ІІ

16 кастрычніка 2009 15:12  |  Грамадства

Сёньня ў менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены (Чырвоным касьцёле) распачынаюцца дні памінаньня папы рымскага Яна Паўла ІІ. Ушанаваньне памяці пантыфіка прымеркаванае да 21-й гадавіны абраньня кардынала Караля Вайтылы на сьвяты пасад.

 

Шанаваньне памяці Яна Паўла ІІ будзе доўжыцца цягам трох дзён. Да ўдзелу запрошаны апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч, мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Антоні Дзям’янка, а таксама сьвятары менскіх парафіяў і вернікі. Сёньня вечарам адбудзецца набажэнства, прысьвечанае памяці Яна Паўла, і духоўны канцэрт.

 

На суботу заплянаваныя дабрачынны канцэрт “Чыстае сэрца”, ўдзел у якім прымуць: Аляксандар Патліс (Беларусь), Дені Плэт (Нямеччына) і саліст беларускай опэры Ільля Сільчукоў. Нядзельная сьвятая імша 19 кастрычніка стане завяршэньнем дзён памяці. І гэта — ня першая імпрэза ў гонар Яна Паўла ІІ, як у менскім Чырвоным касьцёле, так і іншых сьвятынях Беларусі, паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар, ксёндз Аляксандар Амяльчэня:

 

“Гэта чалавек, які стаяў каля крыніцы адраджэньня каталіцкага касьцёла ў Беларусі. Гэта той, які даў імпульс нашага бачаньня ў якім кірунку мы павінныя ісьці. Прайшло некалькі год са дня сьмерці Яна Паўла ІІ, ён ніколі ня быў тут у Беларусі, але ён нам застаецца блізкім: як чалавек, як папа і як герарх. Ён блізкі для кожнага, нават таго, хто ніколі зь ім ня сустракаўся. Такім ён для нас ёсьць і такім мы яго памятаем”.

Болей навін