Пракуратура адказала актывістцы БХД

03.03.2010, 09:55  |  Галоўныя навіны, Выбары ў Мясцовыя Саветы, Навіны, БХД

Адказ з пракуратуры адносна сваёй скаргі на дзеянні Віцебскай гарадской выбарчай камісіі атрымала заснавальніца Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Настасся Сотнікава.

 

Патэнцыйная кандыдатка ў дэпутаты ад БХД падала скаргу пракурору Віцебскай вобласці з патрабаваннем даць прававую ацэнку дзеянням Віцебскай гарадской выбарчай камісіі.

 

16 лютага дзяўчына прыйшла ў выбарчую камісію за пасведчаннямі для сваёй ініцыятыўнай групы. Паводле Сотнікавай, у гэты момант у камісіі прысутнічала 7 чалавек, якія пачалі каментаваць яе жаданне вылучацца ў дэпутаты Віцебскага гарадскога Савета.

 

"Мне пачалі пагражаць, што я магу не скончыць навучанне, што мяне ў будучым чакаюць складанасці з працай у Беларусі, што ў мяне няма сумлення, што мне нехта заплаціў за мае вылучэнне, раілі ўступіць у БРСМ”.

 

Такім чынам, зазначыла ў скарзе Настасся Сотнікава, сябры Віцебскай гарадской выбарчай камісіі парушылі яе канстытуцыйныя правы і нават артыкул Крымінальнага кодэксу РБ.

 

У лісце за подпісам намесніка пракурора Віцебскай вобласці, адрасаваным апроч Настассі і старшыні віцебскай абласной камісіі сказана, што зварот Сотнікавай “накіроўваецца для разгляду і прыняцця мер рэагавання пры наяўнасці падставаў адносна членай Віцебскай гарадской выбарчай камісіі, якія спрабавалі ўздзейнічаць на яе выбар вылучацца ў дэпутаты Віцебскага гарадскога савета”.

 

Адначасова паведамляецца, што для рашэння пытання аб узбуджэнні крымінальнай справы “патрэбна наяўнасць неабходных звестак, якія б указвалі на прыметы злачынства. Вамі ў звароце такія довады не прыводзяцца”.

 

Актывістка БХД такім адказам пракуратуры не задаволеная.

 

- Я чакала больш канкрэтных і жорсткіх дзянняў адносна парушыўшых Крымінальны кодэкс супрацоўнікаў выбарчай камісіі.

 

Сотнікава мае намер абскарджваць дзеянні выбарчай камісіі ў вышэйшых інстанцыях.

 

Цяпер Настасся збірае подпісы дзеля рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты гарсавету.

Навіны па тэме