Суд Менска адхіліў скаргу царквы "Новае жыццё" на пастанову суда Маскоўскага раёна

27.03.2010, 14:16  |  Навіны, БХД

26 сакавіка Менскі гарадскі суд не задаволіў скаргу царквы "Новае жыццё" Рэлігійнага аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь на пастанову суда Маскоўскага раёна, які аштрафаваў абшчыну на 8 млн. 750 тыс. рублёў за забруджванне навакольнага асяроддзя.

 

Паводле юрыста царквы Сяргея Луканіна, прызнанне судом віны вернікаў цягне за сабой неабходнасць не толькі выплаты штрафу, але і пакрыцця ўрону прыродзе ў памеры амаль 263 млн. рублёў, прызначанага камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мінгарвыканкама. Такім чынам, агульная сума грашовых санкцый супраць абшчыны складае каля 100 тыс. долараў ЗША, сказаў юрыст.

 

Сярод падстаў, па якіх царква абскардзіла рашэнне суда, Луканін назваў незаконныя дзеянні супрацоўнікаў экалагічнага ведамства Мінгарвыканкама і суддзі, якія не высветлілі ступень віны вернікаў у забруджванні навакольнага асяроддзя.

 

Юрыст адзначыў, што на працягу года абшчына можа абскардзіць рашэнне суда Маскоўскага раёна і пастанаўленне Мінскага гарадскога суда старшыні Вярхоўнага суда.

 

26 лютага суддзя Алена Шылько аштрафавала абшчыну на 8 млн. 750 тыс. рублёў, а ў снежні 2009 года экалагічнае ведамства Мінгарвыканкама запатрабавала ад царквы на працягу двух месяцаў пакрыць урон прыродзе на суму каля 263 млн. рублёў.

 

Супрацоўнікі камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Мінгарвыканкама выявілі сляды нафтапрадуктаў у пробах на праезнай частцы дарогі каля будынка царквы і інтэрпрэтавалі гэта як забруджванне навакольнага асяроддзя. Як сцвярджае Луканін, пры адборы проб грунту не прысутнічалі панятыя і прадстаўнікі абшчыны. Тэрыторыя вакол царквы раней выкарыстоўвалася калгасам імя Калініна для сельгасвытворчасці, а затым на ёй размяшчалася несанкцыянаваная звалка прамысловых адходаў з касцякамі і рухавікамі аўтамабіляў.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме