Таісія Кабанчук абскарджвае дзеянні міліцыянтаў

01.04.2010, 08:00  |  Навіны, БХД

Кіраўніца Магілёўскай абласной арганізацыі БХД Таісія Кабанчук падала скаргу ў пракуратуру Ленінскага раёна Бабруйска на незаконныя дзеянні міліцыянтаў, што беспадстаўна затрымалі яе 25 сакавіка.

 

Нагадаем, Таісію Кабанчук гвалтоўна затрымалі 25 сакавіка на вакзале ў Бабруйску. Разам з некалькімі паплечнікамі яна збіралася ехаць на святкаванне Дня волі ў Менск. Па выніках затрымання ў Таісіі Карпаўны вывіхнуты палец, маюцца сінякі на целе, разбітыя акуляры, а яе абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам. Затрыманне адбылося на падставе быццам бы “арыенціроўкі на тое, што яна распаўсюджвае наркотыкі”.

 

У прывакзальным пастарунку Таісіі Кабанчук ўчынілі асабісты дагляд, перапісалі усе рэчы, адксеракапавалі тэлефонную кніжку. Наркотыкаў не знайшлі. Склалі пратакол аб супраціве міліцыянтам падчас затрымання. Праз тры гадзіны адвезлі ў суд, дзе яна патрабавала адваката. Суд быў перанесены на 31 сакавіка.

 

31 сакавіка сабраўшымся раніцай у залі суда суддзя паведаміла, што ў дакументах, якія прадаставіла па судовай справе міліцыя, утрымліваецца шэраг памылак, і суд пераносіцца на невызначаны тэрмін.

 

Навіны па тэме