Кандыдат у дэпутаты ад БХД Кастусь Жукоўскі выступіў па радыё

06.04.2010, 11:02  |  Выбары ў Мясцовыя Саветы, Навіны, БХД

Кандыдат у дэпутаты Гомельскага абласнога савета, кіраўнік Гомельскай гарадской арганізацыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Кастусь Жукоўскі ў сваім выступленні па радыё заклікаў "пакласці канец усеўладдзю карумпаванай бюракратыі". Перадвыбарнае выступленне на беларускай мове прагучала па правадным радыё ўвечары 5 красавіка.

 

Жукоўскі выступіў з крытыкай дэпутатаў саветаў розных узроўняў, заявіўшы, што пры цяперашняй уладзе дэпутаты з'яўляюцца не народнымі абраннікамі, а чыноўнікамі, прызначанымі начальствам. Кандыдат адзначыў, што нават у савецкія часы наменклатура складала каля 50% ад агульнай колькасці дэпутатаў. "А цяпер ім належаць усе дэпутацкія мандаты — без выключэння", — падкрэсліў Жукоўскі.

 

"Хабар, адкаты, злоўжыванне службовым становішчам — звычайныя формы іх даходаў, у выглядзе якіх дзяржаўныя рэсурсы пераліваюцца ў іх кішэні", — адзначыў кандыдат. Ён выказаў меркаванне, што цяперашняя сістэма "давяла краіну да эканамічнага і духоўнага заняпаду". "У палітыку — хрысціянскія каштоўнасці! Ва ўладу — прадстаўнікоў народа!" — заклікаў выбаршчыкаў кандыдат.

 

Жукоўскі балатуецца па Студэнцкай акрузе № 15 у Гомелі. Ён лічыць, што радыё цяпер мала слухаюць, асабліва ў горадзе, але назваў сваё выступленне неардынарным.

 

"Для перамогі ў акрузе трэба працаваць штодзень некалькі гадоў. А нас улады рэпрэсуюць, выганяюць з працы, прыгнятаюць — таму я, да прыкладу, вымушаны шукаць сабе і сваёй сям'і сродкі на пражытак, а не нармальна працаваць і атрымліваць грошы. Ці будзе ў такім выпадку час на працу ў акрузе?" — заявіў Жукоўскі.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме