Севярынец: зараз не час спыняць Чарнобыльскі шлях

19.04.2010, 10:41  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

З заклікам да беларусаў прыйсці на Чарнобыльскі шлях-2010 звярнуўся лідэр БХД Павал Севярынец.

 

Чарнобыльскі шлях – гэта цэлая традыцыя найноўшай беларускай гісторыі. Гэта беларускі адказ на трагедыю Чарнобыля. Мільёны людзей аказаліся пад гэтай чорнай хмарай. Штогадова ў дзень чарнобыльскай катастрофы згадваць тых, хто загінуў, ушаноўваць іх памяць і папярэджваць нашчадкаў беларусы, на мой погляд, абавязаны. Таму Чарнобыльскі шлях – гэта і своеасаблівы хросны ход, і дэманстрацыя, і адказ жыхароў Белай Русі на Чорную боль. Гэта не шараговая акцыя, не адзначэнне даты. Гэта нешта глыбейшае”.

 

Лідэр хрысціянскіх дэмакратаў упэўнены: зараз не час спыняць Чарнобыльскі шлях.

 

“Рэха Чарнобыля яшчэ гучыць і гучыць моцна. Сённяшняя ўлада робіць усё, каб замаўчаць Чарнобыль, таму чарнобыльскі звон мусіць гучаць. Для гэтага мы заклікаем беларусаў прыйсці на Чарнобыльскі шлях 26 красавіка а 18-й гадзіне да Акадэміі навук”.

 

Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя таксама запрашае журналістаў прыйсці на прэсавую канферэнцыю аргкамітэту Чарнобыльскага шляху – 2010”, якая адбудзецца ў панядзелак, 19 красавіка, ва Ўправе БНФ (Машэрава, 8). Пачатак у 12.00.

 

Удзел у прэсавай канферэнцыі возьмуць прадстаўнікі кіраўніцтва Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыя, “Маладога Фронту”, руху салідарнасці “Разам”, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка і іншыя прадстаўнікі аргкамітэту па арганізацыі сёлетняга жалобнага шэсця.

 

Паводле пададзенай у Менгарвыканкам заяўкі на правядзенне Чарнобыльскага шляху — 2010, шэсце пройдзе ад пляцоўкі перад будынкам Прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук да Кастрычніцкай плошчы, дзе адбудзецца мітынг. Збор удзельнікаў акцыі запланаваны на 18.00.

 

Гэтым разам заяўнікамі Чарнобыльскага шляху выступілі ў асноўным актывісты Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Калі раней заяўнікамі заўсёды выступалі прадстаўнікі Партыі БНФ, то цяпер яны толькі далучаюцца да арганізацыі акцыі. Акрамя таго, акцыю падтрымліваюць прадпрымальнікі, аргкамітэт па стварэнні руху салідарнасці "Разам", чарнобыльскія арганізацыі і ініцыятывы.

Навіны па тэме