Здзек над выбарчым заканадаўствам

07.05.2010, 17:52  |  Навіны, БХД

Аляксандр Леаненка, экс-кандыдат ад Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі з Бабруйску, распавядае пра ўбачаныя ім парушэнні выбарчага Кодэксу падчас падліку галасоў у дзень “выбараў” 25 красавіка.

 

Я з’яўляўся кандыдатам у дэпутаты па Вішнёўскай выбарчай акрузе № 10 (Бабруйскі раён). На выбарчы ўчастак я з’явіўся за 30 хвілін да пачатку падліку галасоў. Калі я зайшоў у памяшканне, старшыня камісіі, некалькі яе чальцоў і адзін назіральнік разам праводзілі нейкія падлікі на аркушах.

 

Адзін з сябраў камісіі – Башан – распавёў мне, што шмат людзей не жадалі ісці галасаваць, некаторых чальцоў камісіі, якія заходзілі да вяскоўцаў, яны гналі з хат…

 

Каля 20.30, калі высыпалі для падліка галасоў бюлецені са скрыні для датэрміновага галасавання, я даведаўся, што ў назіранні ўдзельнічае Раіса Горбаль – супрацоўніца Бабруйскага райвыканкама, – яна сядзела ў камісіі, вяла сябе як старшыня выбарчай камісіі, давала нейкія ўказанні чальцам камісіі.

 

Галасы лічылі хто-дзе – па розных кутках. Падчас падліку галасоў некалькі чальцоў камісіі заходзілі ў кабінет да старшыні сельсавета Мікалая Равянкова, які з’яўляўся кандыдатам у дэпутаты, пакуль я не зрабіў заўвагу. Дарэчы, кабінет старшыні знаходзіўся побач – праз сцяну… Равянкоў у час галасаваня і пасля яго заканчэння выносіў чальцам камісіі нейкія паперы, рабіў ім нейкія падказкі. Урэшце рэшт мае нервы не вытрымалі, і каля 21.00 я пакінуў участак – назіраць за такім здзекам над выбарчым заканадаўствам я больш не змог. Я толькі ўяўляю, што адбывалася ў час датэрміновага галасавання, у тыя гадзіны, калі мяне не было на ўчастку і тады, калі падлічваліся галасы, калі нават пры мне дазвалялася такое…

 

У выніку, Мікалай Равянкоў стаў дэпутатам, а мне выдзелілі цэлых девяць галасоў…

 

Вось такімі былі гэтыя выбары ў мясцовыя саветы…”

Навіны па тэме

Фото юзера z
z 10.05.2010
шабаш а не выборы...