Што можа незалежны дэпутат?

12.05.2010, 14:48  |  Галоўныя навіны, Двубой

25 красавіка адбыліся "выбары" ў мясцовыя саветы. Дэпутатамі абраныя 3 прадстаўнікі БХД. Але ці сапраўды дэпутат мае паўнамоцтвы для вырашэння пытанняў? Што можа зрабіць дэпутат, а што яму не пад сілу? І увогуле, можа кандыдат ці не?

 

Сайт БХД і газета “Крыніца” прапаноўваюць увазе чытачоў спаборніцтва “Двубой”, удзельнікі якога – дэпутат Мастоўскага райсавета 25 склікання Зміцер Кухлей і лідэр Ваўкавыскага БХД Андрэй Кавальчук - паспрачаюцца на гэтую тэму. Вядучая рубрыкі Ірына Губская.

“Двубой” – гэта дыскусійнае спаборніцтва, якое праходзіць на старонках хрысціянска-дэмакратычнай газеты “Крыніца”.

 

У кожным нумары газеты два лідэры БХД спрачаюцца па надзённых пытаннях палітычнага і грамадскага жыцця. “Двубой” арганізаваны паводле  сістэмы play-off: той, хто прайграў - выбывае з спаборніцтва, хто выйграў – перасоўваецца на новы ўзровень. Пераможцаў вызначаць чытачы.

Што можа незалежны дэпутат?

Зміцер Кухлей: “Адзін незалежны кандыдат можа больш, чым увесь прызначаны савет разам!”


Я быў дэпутатам Мастоўскага райсавета 25 склікання. Як памятаеце, тады дэпутатамі мясцовых саветаў сталі 14 кандыдатаў па ўсей Беларусі. Зразумела, што ўлады не дапусцілі у адзін савет  двух дэмакратычных актывістаў. Нават у адным раёне такое адшукаць цяжка.

 

Таму, калі я даведаўся пра сваю перамогу, гэта было для мяне і прыемнай нечаканасцю, і вялікай адказнасцю адначасова. Я адразу прыняў рашэнне, што зраблю ўсё дзеля таго, каб мая праграма перадвыбачай кампаніі не засталася прыгожымі словамі, а сталася справай.  Каб людзі паверылі ў тое, што мае словы – не пустыя абяцанкі.

 

Зразумела, што калі ты адзін дэмакратычны кандыдат на 30 праўладных прызначэнцаў, то вельмі цяжка канкураваць з такой колькасцю рук, якія заўседы прагаласуюць як трэба. Хачу адразу адзначыць: за час майго дэпутацтва я не раз выступаў на сесіях і некаторыя мае прапановы прымаліся! Канечне, тут нельга сніць сабе каляровыя сны пра тое, як вы нешта скажаце і усе па інэрцыі прагаласуюць “за”. Не, такога не будзе. Калі пытанне “палітычнае” то зразумела, што яно не пройдзе. А калі пытанне датычыцца сацыяльнай тэматыкі кшталту дзіцячых пляцовак ці прыборкі двароў – усе цалкам магчыма!

 

Таксама кажу як дэпутат: працаваць можна і трэба. Па-першае, я прачытаў закон аб статусе дэпутата. Там, акрамя звыклых сесій, распавядаецца пра іншыя правы і абавязкі дэпутата. Такія рэчы як “запыты” і “звароты”  я раней чуў, але як яны працуюць на практыцы, даведаўся менавіта з гэтага закона. Другое пытанне, што прызначэнцы ім не карыстаюцца, а толькі адсылаюць людзей падалей. Па-другое, дэпутат  – гэта прадстаўнік народа, гэта значыць, што за яго плячыма стаяць людзі – выбарцы. Таму звароты дэпутатаў  разглядаюцца ў першую чаргу. Самі разумееце: подпіс дэпутата – аўтаматычна падтрымка большасці жыхароў акругі, калі, канечне, дэпутат дзенічае ў іх інтарэсах.

 

За час сваей дэпутацкай кадэнцыі я накіраваў у розныя ворганы звыш 2300 запытаў, зрабіў сотні зваротаў, некалькі разоў прыходзілася выступаць на сесіях… Я поўнасцю выканаў сваю перадвыбарчую праграму. І аўтамабільная стаянка, і добрая дзіцячая пляцоўка ў мікрараене з’явіліся. Дапамог сваім выбарцам і проста жыхарам Мастоў вярнуць заробкі на суму больш як 100 млрд. рублеў, а гэта для чалавека немалыя грошы, нават калі раздзяліць суму на усіх пакрыўджаных. Больш дробныя рэчы кшталту рамонту труб ці праблем у ЖСГ я ўжо не падлічу!

 

Зараз падыходзіць канец кадэнцыі. Для мяне час падвядзення вынікаў. Што зрабіў? Што не паспеў? Дзе трэба было зрабіць па-іншаму? Зразумела, што ўлады пайдуць на ўсе, каб я не стаў дэпутатам у другі раз. Але выбаршчыкі вераць у мяне, яны не толькі на словах – на справе адчулі вынікі працы сапраўднага дэпутата. Нават людзі, якія жывуць на іншых акругах, звяртаюцца да мяне, і  абавязкова шукаю нейкія магчымасці  дапамагчы. За каго будуць галасаваць выбарцы, калі ведаюць, што толькі я магу вырашыць іх праблему!

Трэба адзначыць што ў адрозненні ад  прызначэнцаў, сапраўдныя дэпутаты працуюць па-сапраўднаму. Калі у мяне за 3 гады больш за 2300 запытаў, то у “самазванцаў” ніводнага (!). Есць, праўда некалькі чалавек, якія за той жа перыяд зрабілі 2-3 запыты і ганарацца сваей “працай”.

 

Па-мойму, гэта смешна! Проста прызначаным дэпутатам, па-першае, не цікава займацца праблемамі выбаршчыкаў, бо ім проста паказалі крэслы гэтыя, яны не змагаліся за іх, таму перамога  гэтая для такіх дэпутатаў не перамога. Так, гульня. Чалавек жа, які здабываў перамогу праз уласныя мазалі, чалавек, які прайшоў сотні кіламетраў ад дзвераў да дзвераў, які мёрз на пікетах,  ніколі не кіне пачатай справы. Такому дэпутату перамога – падарунак, самы дарагі здабытак. І такі дэпутат зробіць усе, каб выканаць свае абавязкі перад выбарцамі.

 

Можа дэпутат ці не можа змяняць нешта – пытанне складанае. Адно магу сказаць дакладна: адзін незалежны кандыдат у сённяшніх умовах можа нашмат больш чым увесь прызначаны савет разам узяты!

 

Што можа незалежны дэпутат?

Андрэй Кавальчук: “Які ўплыў, калі саветы не прымаюць рашэнняў!”


Я лічу, што  дэпутаты мясцовых саветаў ніякага уплыву на рашэнні не маюць. Спытаецеся, чаму? Усе проста.

 

Па-першае, усе рашэнні ў нашай краіне, нажаль, прымае толькі адзін чалавек. Усе гэта вельмі добра ведаюць.  А як інакш? Просты прыклад. Бабулька ў вёсачцы, якая знаходзіцца невядома дзе ў беларускай глыбінцы. Дык вось, зламаўся у гэтай бабулькі плот. Яна, бедная, адзінокая, ідзе шукаць праўды у бліжэйшы сельсавет. Ёй кажуць – грошай няма. Прабачце. Яна ідзе па “лесвіцы” райвыканкам-аблвыканкам…Адусюль адмовы – грошай няма і бюракратычныя перасылкі паміж ведамствамі. Усе гэта зацягваецца, цягам на месяцы і нават гады. Бабульцы нічога не застаецца  як напісаць прэзідэнту…  А там пытанні вырашаюцца хутка. Адно тэлефанванне і пытання няма.

 

Па-другое, рэальныя прадстаўнікі улады на месцах ніяк не саветы, а выканкамы, якія дэ-факта выконваюць функцыі і свае, і саветаўскія. У нас жа па усей краіне так і ва ўладзе таксама так. Нямы парламент, які напэўна лягчэй назваць інэртнай масай, адзіная іх рэальная функцыя – падымаць у час руку, калі скажуць. Такія ж нямыя мясовыя саветы, якія існуюць збольшага для галачкі. І калі у абласных і раенных саветах паседжанні збіраюцца хаця б для галачкі, што у сельсаветах  часта дазваляюць сабе  увогуле паседжанні не праводзіць. А навошта людзей ад працы адлучаць, ад спраў , калі і так усе вядома.

 

Таму калі раптам чалавеку выпала вялікае шчасце  стаць дэпутатам, выкарыстаць гэтае становішча амаль немагмыма. Я не лічу дзейнасцю падняць  руку супраць на сесіі. Усе роўна рашэнне будзе прынятае. Дакладней, пытанне вырашылі яшчэ задоўга да пачатку, а ўсе прапановы адхіляюцца. Што б там не казалі – гэта наша рэальнасць.

 

Канечне. Ёсць розныя звароты дэпутацкія, запыты. І па законе яны робяць дэпутата вялікім чыноўнікам, які сапраўды можа шмат. Але трэба памятаць, што мы ўжо 16 год жывем у краіне беззаконня!  Дэпутацкая практыка тут – упэўнены – не стала выключэннем. Таму я лічу перамогу на выбарах у сенняшніх умовах перадусім перамогай над сабой, над сваім страхам. Гэта вашая перамога і перамога вашых выбаршчыкаў.  Але атрыманне заветнага кандыдацкага пасведчання  - гэта яшчэ не перамога.

 

Што рэальна можа зрабіць дэпутат савету? Для таго каб прыбраць пляцоўку ля дома, дастаткова сабраць некалькі энтузіястаў, якія пачнуць рабіць гэта проста так. Бо хочуць змяніць свой двор. Зрабіць яго больш утульным і чыстым. А астатнія падцягнуцца. Для таго, каб добра  працаваў ЖКГ, патрэбна проста неабыякавыя людзі ў домаупраўленні. А для таго каб заасфальтавалі дарогі, патрэбная сапраўды дапамога дэпутата. Але калі асфальтаванне дорогі не ўнесенае у дасланы “зверху” бюджэт, пішы – не пішы, падымай – не падымай пытанне – яно не вырашыцца.  Мне падаецца, што збор подпісаў у такім выпадку можа даць большы эфект. Іх можна разаслаць па інстанцыях усіх узроўняў – так разбяруцца хутчэй. А дэпутат можа звярнуцца толькі у свой узровень.

 

Для таго, каб нашыя праблемы вырашаліся, патрэбная суполка з хаця б 5-7 энтузіастаў, якія могуць “паставіць на вушы”. Якія могуць ісці да перамогі. Якія могуць “дастаць”  мясцовых чыноўнікаў , каб тыя  зразумелі, што адзіны спосаб іх спакойнага існавання – гэта вырашэнне тых пытанняў, якія перад імі ставіць грамадскасць.  Такія людзі сапраўды вельмі каштоўныя, у тым ліку як патэнцыйныя лідэры і дэпутаты сапраўдных саветаў. Якія будуць бараніць інтарэсы жыхароў. Для якіх мандат не прыгожая чырвоная кніжачка, а сапраўды інструмент дапамогі людзям.

 

А пакуль, нажаль, нашыя саветы, як зрэшты і парламент – звычайная інэртная маса. Якая нічога не вырашае. Ні на што не уплывае. Кіруе ж ей усяго адзін чалавек.

 

Вы можаце прагаласаваць за ўдзельніка, якога падтрымліваеце, праз тэлефон   8-029-5729484, sms, e-mail   dvuboj@gmail.com ці пошту 220123, г. Мінск, а/с 324 (Проста пазначце прозвішча – за каго аддаеце Ваш голас)

Навіны па тэме