У Наваградку судзяць пастара царквы “Новае Пакаленне” Уладзіміра Качагура

13.05.2010, 11:48  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД

12 траўня адбылося першае судовае паседжанне ў Наваградку над пастарам царквы “Новае Пакаленне” Уладзімірам Качагурам. Яго абвінавачваюць у “сістэматычных правядзеннях набажэнстваў па яго былым месцы пражывання без дазволу на тое мясцовага выканаўчага органа”.

 

- Судзілішча (інакш я назваць гэта не магу) пачалося вельмі цікава, - распавёў прэсавай службе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Уладзімір Качагур. – Суддзя чамусьці сам сказаў: "Можа хочаце падаць хадайніцтва на перанясенне судовага працэсу на другі дзень?” Я адказаў: “Вядома хачу, таму, што гэта нейкі цырк. 12 траўня ў 6.00 раніцы мне прынеслі позву ў суд - і тым самым мне паведамілі, што ў гэты ж дзень суд адбудзецца. Мне не далі часу падрыхтавацца.

 

Качагур папрасіў пераносу суда на на 14 траўня (11.00).

 

Нагадаем, дзве скаргі на Качагура ў міліцыю напісала былая суседка пастара Шляхцюк Зінаіда Мікалаеўна, дырэктар сельскагаспадарчага каледжа. Прычым першая скарга пайшла ў той перыяд, калі Качагур і Шляхцюк яшчэ жылі ў адным доме, а другая, паводле якой і заведзена справа, - у красавіку, калі сям’я Качагура ўжо пераехала на іншае месца. Жанчына напісала, што нібыта з кватэры пастара пасля 24.00 чуваць гучную рэлігійную музыку, спевы, што там па начох нібыта праводзяцца служэнні, “і ў кватэру ходзяць людзі” . Пастар жыве з жонкай і двума непаўнагадовымі дзецьмі.

 

На думку пастара, гэты суд з’яўляецца відавочным заказам КДБ з мэтай адпомсціць за былыя падзеі.

 

- Каля трох месяцаў таму я яшчэ працаваў на дзяржаўнай працы. Тады ў мяне адбыліся тры размовы з маім начальнікам Родзькам Міхаілам Міхайлавічам, у якіх ён мне казаў, што супрацоўнікі КДБ даручылі яму паразмаўляць са мной і папярэдзіць аб “наступствах, якія будуць за сувязі з незарэгістраванай партыяй БХД. Працаваў я вартаўніком ў мясцовай Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце.

 

На меркаванне Качагура, ціск на яго звязаны з наступным:

 

- Я заўсёды смела і адкрыта заяўляў, што на ключавых пазіцыях ўлады павінны стаяць праведнікі. Але зразумела - бязбожным людзям гэта вельмі не падабаецца;

 

- Я і сябры маёй царквы - актывісты БХД. А БХД для рэжыму - гэта костка ў горле. - Сябра маёй царквы абліў фарбай бюст Леніна - і я яго ў гэтым цалкам падтрымаў, падтрымліваю і падтрымліваць буду;

 

- Удзел сябраў царквы ў выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў.

 

Паводле артыкула, па якім абвінавачваюць Качагура, яму пагражае штрафу ў памеры ад 20-і да 40-а базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Навіны па тэме