Кінафестываль у Непакалянаве прынёс узнагароды беларускім рэжысёрам

03.06.2010, 12:35  |  Навіны, Культура

27–30 траўня ў Польшчы праходзіў XXV Міжнародны каталіцкі фестываль фільмаў і мультымедыя «Непакалянава-2010». У фестывалі прынялі ўдзел і беларускія рэжысёры, працы якіх былі адзначаны ўзнагародамі.

 

Фотафільм гісторыка і рэжысёра Дзяніса Салаша «Нашы Касцёлы» перамог ў намінацыі мультымедыя. Другая сусветная вайна кардынальна змяніла структурны склад насельніцтва. Дзве буйныя этнаканфесійныя групы —католікі і габрэі — былі фактычна разгромлены і цалкам страцілі магчымасць усведамляць і выражаць свае інтарэсы. Каталіцкае насельніцтва скарацілася не менш як у 2 разы, пры гэтым вышэйшы і сярэдні пласты былі знішчаны або вымушаны эмігрыраваць цалкам. Большасць інтэлігенцыі і душпастыраў сталі ахвярамі нямецкіх рэпрэсій, а часта і мясцовых нацыянал-сацыялістаў.

 

У намінацыі радыёперадачы першую ўзнагароду атрымала праца Яна Шымака (Polskie Radio Białystok) «Чароўнасць Палесся». Радыёперадача прадстаўляе партрэт кардынала Казіміра Свёнтка як асобы творчай і паэтычнай. Гэта апавяданне аб прыгажосці чалавека і прыроды. Сённяшні Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі некалі займаўся відэазапісам прыродных ландшафтаў, пейзажаў Палесся.

 

Спецыяльны дыплом за дакументальны фільм «Fidei testis» («Сведка веры») атрымаў беларускі дакументаліст, аператар і кінарэжысёр Юрый Гарулёў. Дадзеная праца з’яўляецца відэахронікай жыцця беларускага кардынала Казіміра Свёнтка: ад часоў святарскага служэння (увайшлі рэдкія і дагэтуль невядомыя кадры) да сённяшніх дзён. Спецыяльную ўзнагароду Fidei testis за дынамізм веры і хрысціянскі аптымізм шматгадовы вязень сталінскіх лагераў, двойчы асуджаны на смерць кардынал Свёнтэк атрымаў ад Яна Паўла ІІ 27 верасня 2004 г.

Навіны па тэме