Менскае СІЗА № 1 будзе перанесенае на ўскраіну сталіцы

09.06.2010, 12:21  |  Навіны, Грамадства

Комплекс будынкаў і збудаванняў следчага ізалятара № 1, што цяпер  размешчаны ў цэнтры сталіцы, на вуліцы Валадарскага, павінен быць пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю ў 2010—2015 гадах у прамысловай зоне Калядзічы на ўскраіне Менска. Гэта прадугледжана адмысловым указам прэзідэнта ад 7 чэрвеня.

 

Паводле ўказа, будаўніцтва будзе ажыццяўляцца ў два этапы паралельна з распрацоўкай, экспертызай і зацвярджэннем неабходнай праектнай дакументацыі. У 2010—2011 гадах намечана пабудаваць рэспубліканскую агульнасаматычную бальніцу, а таксама стварыць інжынерную  і транспартную інфраструктуру да яе. У 2012—2015 гадах — будынкі і збудаванні следчага ізалятара і неабходную інфраструктуру.

 

На тэрыторыі СІЗА знаходзіцца Пішчалаўскі замак пабудовы 1825 года. Зараз ён у аварыйным стане. У сувязі з вывядзеннем будынку з эксплуатацыі ў СІЗА № 8 у Жодзіне (Мінская вобласць) пераведзена амаль 900 чалавек. У мінскім следчым ізалятары ў цяперашні час утрымліваецца амаль 1.350 падследных і асуджаных.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме