Народны дэпутат дамогся вырашэння праблем у Слоніме

14.06.2010, 16:46  |  Навіны, БХД

Народны дэпутат ад Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі са Слоніма Іван Бедка дамогся ад мясцовай улады вырашэння адразу трох шматгадовых праблем вялікай вуліцы сваёй акругі.

 

Паводле Івана Бедкі, на вуліцы Першай семігодкі няма ніводнай дзіцячай пляцоўкі, дарогі знаходзяцца ў жудасным стане, апроч таго, у дварах няма месцаў для паркоўкі аўтамабіляў. Прыкладна месяц таму актывіст БХД сабраў каля 60 подпісаў жыхароў вуліцы і перадаў зварот у Слонімскі гарвыканкам.

 

Праз два тыдні падпісантаў запрасілі на збор з удзелам адказнага за жыллёва-камунальную гаспадарку супрацоўніка выканкаму. Людзям паабяцалі выканаць усе патрабаванні, а таксама штомесяц збіраць іх і размаўляць пра надзённыя праблемы. Абавязкі выканаць патрабаванні звароту грамадзян утрымліваліся і ў афіцыйным адказе гарвыканкаму.

 

І вось днямі на вуліцы пачаліся рамонтныя працы. Ужо засыпана самая вялізная лужына на дарозе, пачалі будавацца дзіцячыя пляцоўкі.

 

Мы яшчэ трымаем на кантроле абяцанне ўладаў вырашыць праблемы з перабоямі вады ў нашым раёне. Калі ў бліжэйшы час яна не будзе вырашана, таксама накіруем зварот. Людзі ахвотна падпісваюцца за вырашэнне праблемаў, што турбуюць іх гадамі”, - адзначыў Іван Бедка.

Навіны па тэме