Газавы ўльтыматум: пяць дзён

16.06.2010, 09:14  |  Навіны, Эканоміка

Расея дае Беларусі пяць дзён для аплаты запазычанасці за пастаўлены сёлета газ. У адваротным выпадку расейскі бок не выключае скарачэння паставак блакітнага паліва ў Беларусь прапарцыйна запазычанасці.

 

Такія заявы прагучалі 15 чэрвеня падчас сустрэчы расейскага прэзыдэнта Дзмітрыя Мядзведзева з "Газпрому" Аляксеем Мілерам, дзе абмяркоўвалася сітуацыя з экспартам газу ў Беларусь.

 

Расейскі прэзідэнт нагадаў, што пытаньне пра ліквідацыю газавай запазычанасці ён абмяркоўваў на нядаўняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Маскве:

 

«Я размаўляў з Аляксандрам Рыгоравічам, ён мне сказаў, што гэта вызначаецца цяжкім фінансавым становішчам. Аднак, сказаць шчыра, цяпер усім цяжка: і ў нас свае праблемы, і ў „Газпрому“ шмат праблем. Таму, на жаль, гэта недастатковае тлумачэнне».

 

Доўг Беларусі ў гэтым годзе склаў каля 200 мільёнаў долараў. Расейскі бок заяўляе, што афіцыйны Менск у аднабаковым парадку працягвае плаціць за пастаўлены газ па цэнах 2009 году. У Беларусь былі накіраваны два афіцыйныя лісты. Аднак дагэтуль няма яснага адказу, калі гэты доўг будзе пагашаны. Падчас сённяшняй сустрэчы з Мядзведзевым кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер сказаў, што адпаведна з умовамі кантракту ў расейскага боку «ёсць усе падставы скараціць аб’ём пастаўкі газу ў Беларусь прапарцыйна запазычанасці перад «Газпромам».

 

На гэта прэзыдэнт Расеі заявіў:

 

«Давайце тады так зробім: з улікам таго, што мы гэтае пытанне абмяркоўвалі ў партнэрскім рэчышчы. Дамо пяцідзённы тэрмін для нашых калегаў для таго, каб яны вызначыліся, як весьці сябе далей. Прапануйце ім у самыя кароткія тэрміны пагасіць запазычанасць. А калі гэта ня будзе зроблена, тады давядзецца прымяняць іншыя меры».

Навіны па тэме