Смяротнае пакаранне: за ці супраць?

16.06.2010, 14:54  |  Галоўныя навіны, Навіны, БХД, Двубой

У Беларусі не сціхаюць спрэчкі адносна прымянення смяротнага пакарання. Беларусь засталася апошняй краінай у Еўропе, дзе караюць смерцю. Хрысціяне розных канфесій па-рознаму ставяцца да гэтай праблемы. Сайт БХД і газета “Крыніца” прапаноўваюць увазе чытачоў спаборніцтва “Двубой”, удзельнікі якога – пастар царквы «Новае пакаленне» Уладзімір Качагур і філосаф Аляксандр Ількевіч – паспрачаюцца на гэтую тэму.

 

“Двубой” – гэта дыскусійнае спаборніцтва, якое праходзіць на старонках хрысціянска-дэмакратычнай газеты “Крыніца”.

 

У кожным нумары газеты два лідэры БХД спрачаюцца па надзённых пытаннях палітычнага і грамадскага жыцця. “Двубой” арганізаваны паводле  сістэмы play-off: той, хто прайграў - выбывае з спаборніцтва, хто выйграў – перасоўваецца на новы ўзровень. Пераможцаў вызначаюць чытачы.

 

У мінулым «Двубоі» з вынікам 77:64 перамог народны дэпутат-аптыміст Зміцер Кухлей.

 

Пастар царквы «Новае пакаленне» (Наваградак) Уладзімір Качагур:

 

«Я за смяротнае пакаранне, таму што Бог за смяротнае пакаранне».

 

Чаму я за смяротнае пакаранне? Таму што Бог – за смяротнае пакаранне. І адпаведна калі Бог – за, чалавек не мае права быць супраць.

 

У Ветхім Запавеце Бог даў запаведзь «Не забі» ізраільскаму народу, і тут жа Бог кажа Маісею, што калі народ Ізраіля будзе браць зямлю абяцаную, то павінен знішчаць усе іншыя народы. Такім чынам, запаведзь «Не забі» была дадзеная ізраільскаму народу, яна не распаўсюджвалася на іншыя.

 

Бог сказаў: адзін аднаго не забівайце, а іншыя народы забівайце, бо яны грашаць супраць мяне. І гэта было рашэнне Божае.

 

І вось у сучасным свеце ад элементарнага неразумення Божага Слова ў людзей узнікаюць пытанні, а ці патрэбна памілаваць маньяка, які згвалтаваў і забіў дзесяць дзяцей?! Дараваць яму жыццё? Я лічу: НЕ. Я лічу, у Бога сэрца будзе балець болей за гэтых забітых дзяцей, чым за аднаго забойцу.

 

Па-другое, Бог аддаў на смяротнае пакаранне свайго сына, Ісуса Хрыста. І калі чалавек кажа: я супраць смяротнага пакарання, у мяне заўсёды ўзнікае пытанне: ты што, вышэйшы за Бога?

 

Сваім пратэстам супраць Божага рашэння караць смерцю грэшнікаў людзі выказваюць Яму недавер, сваю незадаволенасць ім, імкнуцца стаць вышэйшымі, больш гуманнымі за Яго. Такія людзі ідуць супраць Бога.

 

Я цвёрда перакананы ў тым, што смяротнае пакаранне павінна быць, але яно павінна быць строга абмежавана чалавечымі законамі і выкарыстоўвацца толькі для забойцаў.

Калі чалавек свядома забівае чалавека, то гэта не Бог адабраў жыццё ў забітага, а чалавек.

 

Таму і ў гэтага чалавека, іншы чалавек, надзелены законам, павінен таксама адабраць жыццё.

 

У Бібліі сказана: «Кара за грэх – смерць, а дар Божы – жыццё вечнае».

 

Здараюцца выпадкі, калі людзей пакаралі смерцю, а праз пэўны час высвятляецца, што гэта было памылкова. Але гэта не падстава скасоўваць смяротнае пакаранне і тым самым Божыя законы. Гэта – праблема людзей ад закона, якія не разабраліся ў канкрэтнай сітуацыі, зрабілі памылку і павінны за яе адказаць перад тым жа законам.

 

Я не лічу, што грамадства стане больш агрэсіўным з-за смяротнага пакарання. Я не думаю, што ў сэрцы жанчыны, у якой нейкая пачвара згвалтавала і забіла дзіця, будзе нейкая крыўда за тое, што гэтага чалавека пакараюць смерцю.

 

Філосаф, каталік Аляксандр Ількевіч (Смаргонь): «Смяротнае пакаранне – гэта ўзаконенае забойства»

 

«Калі мы адмаўляемся прыняць той

факт, што прырода чалавека пашкоджа-

ная і схільная да злога, мы ствараем

прастору для сур’ёзных памылак у га-

ліне адукацыі, палітыкі, правасуддзя,

грамадскай дзейнасці (і нораваў)»

Ян Павел II энцыкліка «Centesimus annus»

(«соты год») аб стагоддзі сацыяльнага вучэння

Касцёла.

 

Калі мы прамаўляем фразу «смяротнае пакаранне», якое пачуццё яна ў нас выклікае? У пераважнай большасці людзей думка аб смяротным пакаранні выклікае страх і турботу. Пачуццё трагічнага, чагосці непапраўнага і бязвыхаднага ахоплівае душу.

 

Тыя, хто падтрымліваюць ўжыванне смяротнага пакарання, ведаюць, што робяць, калі прапаноўваюць людзям захоўваць галаву халоднай. Менавіта дзякуючы  абыякаваму стаўленню да гэтай праблемы з боку чалавечай супольнасці захоўваецца жывучасць

гэтага жудаснага першабытнага рытуалу. Калі спіць сумленне, словы пазбаўляюцца сэнсу. Тады пад завесай фармальнай фразеалогіі можна схаваць сапраўдную сутнасць любога гвалту.

 

Чаго толькі вартыя адны выразы: «акупіў сваю віну», «правасуддзе адбылося» і г. д. Смяротнае пакаранне ёсць ні што іншае, як узаконенае забойства, і ў гэтым заўсёды трэба аддаваць сабе справаздачу.

 

У чалавеку пачуццё справядлі васці можа жывіцца з двух крыніц. Для адных справядлівасць – сінанімічнасць помсты, для іншых – міласэрнасці. Той жа дуалізм уласцівы і ўсякаму грамадскаму заканадаўству. Грамадства больш гуманна там, дзе міласэрнасць мае прыярытэт над інстынктам помсты. Міласэрнасць па сваёй прыродзе духоўная, помста ж з’яўляецца рэфлекторным, прыродным інстынктам.

 

Гісторыя паказвае, што смяротнае пакаранне ўжывалася за розныя злачынствы, і гэтая вышэйшая мера пакарання, якая існавала на працягу доўгага часу, не прывяла да знікненьня ні аднаго з гэтых злачынстваў.

 

Вядома, што акадэмік Андрэй Сахараў рэзка выступаў за адмену смяротнага пакарання. Вось што ён казаў з гэтай нагоды: «Наяўнасць інстытута смяротнага пакарання дэгуманізуе грамадства. Я выступаў і выступаю супраць смяротнага пакарання яшчэ і таму, што гэтая мера пакарання прадугледжвае наяўнасць пастаяннага, страшнага апарата выканаўцаў, цэлага інстытута смяротнага пакарання».

 

Мы вельмі доўгі час мелі магчымасць назіраць, што адбывалася (адбываецца) з грамадствам, калі смяротнае пакаранне ўжывалася.

 

Чаму б сёння не ўстрымацца ад яе прымянення і не паглядзець на тое, што будзе з ім адбывацца пасля забароны смяротнага пакарання. Ці стане грамадства ад гэтага горш?

 

Пераможцу вызначыце Вы!

Вы можаце прагаласаваць за ўдзельніка, якога падтрымлівае це, праз тэлефон 8-029-5729484, sms, e-mail dvuboj@gmail.com ці пошту 220123, г. Мінск, а/с 324 (Проста пазначце прозвішча – за каго аддаеце Ваш голас).

Навіны па тэме

Фото юзера vernik
vernik 16.06.2010
I usio-taki suprac.
Фото юзера n8aly
n8aly 16.06.2010
Вось тут можна прачытать меркаванне Алеся Ількевіча цалкам:

http://bchd.info/index.php?newsid=1076
Фото юзера Настя
Настя 16.06.2010
Если Бог за смертную казнь , то кто может быть против!!!!
Фото юзера Вольга
Вольга 17.06.2010
Па першае, пастар Качагур тлумачыць сваю пазыцыю выняткамі з Бібліі, а рашэнні аб пакаранні прымае дзяржаўны суд. Ці ня бачыце вы тут неадпаведнасці?

Па другое, пазіцыя пастара ня мае логікі, гэта толькі суцэльны наезд - "І калі чалавек кажа: я супраць смяротнага пакарання, у мяне заўсёды ўзнікае пытанне: ты што, вышэйшы за Бога?"
Я раю пастару Уладзіміру пачытаць каця б пратэстанскія тлумачэнні Ветхазапаветных і Евангельскіх тэкстаў, не кажу пра каталіцкія і праваслаўныя, каб не выглядаць неабазнаным. Ці ёсць розніца паміж тым, каб пакласці душу сваю за сяброў сваіх, і смяротным пакараннем?

А таксама раю перачытаць Евангелле, напрыклад Нагорную казань Мф 5. 21-22: Вы слышали, что сказано древним:
не убивай, кто же убьет, подлежит суду.
А Я говорю вам, что всякий,
гневающийся на брата своего напрасно, подлежит суду;
кто же скажет брату своему: "рака", подлежит синедриону;
а кто скажет: "безумный", подлежит геенне огненной.

А гісторыя з жанчынай узятай у змене - яе ж трэба было пабіць камнямі па габрэйскаму закону?

Лк 22. 49-51. Бывшие же с Ним, видя, к чему идет дело, сказали Ему: Господи! не ударить ли нам мечом? И один из них ударил раба первосвященникова, и отсек ему правое ухо. Тогда Иисус сказал: оставьте, довольно. И, коснувшись уха его, исцелил его.

Пачытайце яшчэ гэты артыкул: http://www.krotov.info/yakov/2_chlvek/3_dobrota/2_2_kazn.htm
Фото юзера :)
:) 17.06.2010
Вольга, а не слишком много на себя берете. Вот ваши высказывания имеют кугу логики.
Наша жизнь должна быть основана на БИБЛИИ, а не человеческих умозаключениях. Если наши судьи безбожники, продажные твари, это не говорит о том, что смертная казнь не от Бога.
И если вы такие умные, чего же вы живете в такой дерьмовой стране, Вам бы строем ходить… христианские демократы.



P.S. Читая библию иногда вникайте в то, что там написано….
Фото юзера Вольга
Вольга 18.06.2010
Дык вось я і прапаную пастару перачытаць Евангелле.
Ну і Стары Запавет канешне трэба чытаць. Асабліва пра тое, на якіх умовах магчыма смяротнае пакаранне. Пра сведкаў, пра тое, што кроў застаецца на тым, хто кідае камяні. Пра гарады-прытулкі для забойцаў.

Трэба вельмі быць асцярожным, калі бярэце на сябе смелаць казаць ад імя Бога.

Прынамсі, узгадайце што Хрыстос адказаў габрэям, якія пыталіся ў яго пра ліст, які Маісей дазволіў даваць жонцы пры разводзе Мф. 10.: з-за жорсткага сэрца вашага дазволіў вам Маісей разводзіцца. Ці не думаеце, што і запавет пра забойства быў дадзена з-за жорстага сэрца і распусты. Ці не ў тым воля Божае, каб ніхто не загінуў, але ўсе прышлі да пакаяння і да спазнання Праўды.
Забойствам не спыніць забойствы.
Фото юзера :)
:) 18.06.2010
Вольга! wink wink wink wink wink wink wink wink
Фото юзера n8aly
n8aly 21.06.2010
Да и не смешно ли помышлять о справедливости, когда всякое насилие встречается обществом как разумная и целесообразная необходимость и всякий акт милосердия, например, правдательный приговор, вызывает целый взрыв неудовлетворенного, мстительного чувства?

"Палата №6" А. Чехов
Фото юзера Serg
Serg 22.06.2010
Калі дзяржава пачынае забіваць сваіх грамадзянаў, яна робіць гэта толькі на ўласную карысьць, але прыкрываецца клопатам пра іншых.

У ХХ ст. ад імя дзяржавы загінула безліч людзей, зараз дзякуй Богу спыніліся, але ня ўсе.
Фото юзера Крыжовник
Крыжовник 23.06.2010
Ну и бред! Я имею ввиду рассуждения т.н. называемого "пастора". Это же надо! Так извратить Св.Писание!! Кто вас поставил пастором? Бедные те овцы!! Жесть!
Фото юзера gram
gram 01.07.2010
я спадзяюся, рэдакцыя ужо спынила падлик, бо я бачу, што адстаючы бок проста наганяе лічбы. навошта гэты цырк?
Фото юзера Koljakol
Koljakol 16.07.2010
Вынятка: bercateekeema
Фото юзера jasonnazworth
jasonnazworth 28.02.2011