У Оршы абвясцілі конкурс да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы

17.06.2010, 15:07  |  Навіны, Культура

Ідэя зрабіць выставу дзіцячага малюнку да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы належыць грамадскаму аргкамітэту, які створаны дзеля падрыхтоўкі імпрэзаў, прымеркаваных да гэтай значнай гістарычнай падзеі.

 

Актывісты запрасілі да ўдзелу ў выставе юных аршанцаў, чый узрост не перавышае 18-ці гадоў. Малюнкі, якія прымаюць сябры аргкамітэту, павінны адпавядаць тэме "Грунвальд вачыма сучаснікаў" і могуць быць выкананыя ў любой выяўленчай тэхніцы.

 

Аргкамітэт спадзяецца, што выставу можна будзе прадэманстраваць у Воршы. Але канкрэтнай дамоўленасці пра гэта няма. Яшчэ колькі месяцаў таму актывісты звярталіся ў Аршанскі гарвыканкам з прапановай падрыхтаваць ды правесці нейкія супольныя мерапрыемствы да 600-х угодкаў Грунвальдскай бітвы, але ніякага адказу ад уладаў не дачакаліся.

 

У тым выпадку, калі дазволу на выставу ў Воршы атрымаць ня ўдасца, малюнкі будуць выстаўленыя ў Менску. Яны далучацца да агульнарэспубліканскай выставы дзіцячых працаў, прысвечанай Грунвальдскай бітве.

Навіны па тэме