Выдаўца хрысціянскай газеты выклікалі ў пракуратуру

24.06.2010, 17:32  |  Навіны, БХД

Алега Нікуліна, рэдактара  хрысціянскай газеты з Клецкага раёна, выклікаюць у пракуратуру. 

 

Як паведаміў Алег Нікулін прэсавай службе БХД, яму патэлефанаваў участковы міліцыянт і загадаў прыйсці 25 чэрвеня а 9 гадзіне ў пракуратуру.

 

На мінулым тыдні да сп. Нікуліна прыходзіў міліцыянт і браў з яго тлумачэнні адносна выдаванай ім хрысціянскай газеты “Апостальскі ветразь”. Таксама міліцыянты апыталі пробашча клецкай парафіі кс. Эрвіна Вячорака, ці не мае ён дачынення да выдання.

 

У сваёй газеце я асвятляў пытанні рэлігійнага жыцця. Пра палітыку не пісаў. Выходныя звесткі былі пазначаныя, наклад у межах дазволенага заканадаўствам – 299 асобнікаў”, - паведаміў Алег Нікулін.

 

Пракурор Клецкага раёна Алег Карабкоў патлумачыў, што ў пракуратуру паступіла заява ад выканаўцы абавязкаў старшыні райвыканкама Мікалая Мацуля, у якой той просіць праверыць, ці не з’яўляецца выданне дадзенай газэты парушэннем закона.

 

У той жа час сп. Карабкоў пацвердзіў, што выходныя звесткі ў газеце маюцца, а памер накладу не перавышае дазволены заканадаўствам. Тым не менш, пракуратура ўсё роўна вырашыла апытаць рэдактара.

 

Ні з таго ні з сяго пачалося выданне і распаўсюд газеты. Мы хочам праверыць, хто дазволіў гэта рабіць, і што ўяўляе сабой рэдакцыя, якая, паводле выходных звестак, знаходзіцца ў доме, дзе пражывае Алег Нікулін”, - кажа пракурор.

Навіны па тэме