Гуляка не выключае магчымасці вяртання вернікам будынка касцёла святога Іосіфа

28.06.2010, 09:25  |  Навіны, Грамадства

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка не выключае магчымасці вяртання вернікам будынка касцёла святога Іосіфа ў Менску.

 

Аднак, паводле яго слоў, гэтае пытанне можа быць вырашана толькі пасля вызвалення будынка ад архіўных устаноў. У сваю чаргу, будаўніцтва новых будынкаў для гэтых устаноў патрабуе "вельмі вялікіх сродкаў", бо неабходна стварыць адпаведныя ўмовы для захоўвання пісьмовых і выяўленчага мастацтва рэліквій, адзначыў Гуляка.

 

Ён лічыць, што праблему неабходна "вельмі ўважліва разглядаць" з улікам магчымасцяў айчыннай архіўнай службы і беларускай дзяржавы.

 

З 19 сакавіка 2005 года члены сталічнай рымска-каталічнай абшчыны святога Іосіфа праводзяць штодзённыя вячэрнія малебны за вяртанне вернікам будынкаў Менскага манастыра бернардзінцаў з касцёлам — помніка архітэктуры барока XVII стагоддзя.

 

Будынак святыні, узведзенай на сродкі вернікаў, быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расійскай імперыі за ўдзел прыхаджан у нацыянальна-вызваленчым паўстанні супраць рускага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Архіўныя ўстановы знаходзяцца ў касцёле з 1897 года. Зараз там размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва.

 

Акцыя пачалася больш за пяць гадоў таму пасля таго, як стала вядома аб планах Мінгарвыканкама перадаць будынкі святыні інвестарам для прыстасавання пад гасцінічны комплекс і аб'екты гандлёва-бытавога прызначэння. Нягледзячы на тое што ў 2007 годзе пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне манастыра вернікам было сабрана больш за 30 тыс. подпісаў, з пачатку 2010 года вядуцца працы па рэканструкцыі манастыра.

 

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме