Мітрапаліт Кандрусевіч маліўся ў гадавіну смерці Янкі Купалы

29.06.2010, 08:39  |  Навіны » Культура

28 чэрвеня 2010 г., у 68-ю гадавіну смерці класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

 

У гаміліі арцыпастыр нагадаў, што ўся гісторыя чалавецтва, асабліва гісторыя збаўлення, нагадвае пра тое, што сваю надзею чалавек павінен мець у Богу. «Гісторыя хрысціянства на нашых землях таксама пацвярджае гэта. Як многа людзей падчас ганенняў адышло ад Бога, як жорстка здзекаваліся з веруючых, як шмат было тых, хто абяцаў пабудаваць новы свет без маральных каштоўнасцяў. І ў той жа час, як многа тых, хто нават коштам свайго жыцця і пралітай крыві, застаўся верным Богу і свайму хрысціянскаму пакліканню. І цяпер трэба спытацца: хто меў рацыю? Той, хто быў супраць Бога і Касцёла, ці той, хто, нягледзячы на ўсе цяжкасці, заставаўся верным Хрысту? Чалавек нарэшце зразумеў, што патрэбна свабода веравызнання. Мы яе маем. Аднак, у той жа час, мы бачым, што не ўмеем ёю карыстацца. Гэта дар і адначасова заданне», — падкрэсліў Мітрапаліт.

 

Янка Купала, па словах арцыпастыра, нягледзячы на ўсе цяжкасці свайго жыццёва лёсу, імкнуўся заставацца чалавекам з вялікай літары. І, несумненна, дапамогай у гэтым было яго хрысціянскае паходжанне і выхаванне. Ён быў ахрышчаны ў касцёле ў Радашковічах, а ў 1916 г. у маскоўскім касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла прыняў шлюб.

 

Пасля святой Імшы да сабраўшыхся вернікаў і гасцей звярнуўся намеснік старшыні Беларускага фонда культуры пісьменнік Бутэвіч Анатоль Іванавіч, які нагадаў усім аб тым, што як мы памятаем нашу спадчыну, так нашыя нашчадкі будуць памятаць пра нас. Таксама ён звярнуў увагу слухачоў на вялікую ролю, якую адыграў у развіцці беларускай культуры Янка Купала.

 

Навіны па тэме