10-годдзе Супольнасці дэмакратый

03.07.2010, 12:23  |  Навіны, Палітыка

Віталь Рымашэўскі прымае ўдзел ва ўрачыстасцях, прымеркаваных да 10-годдзя стварэння Супольнасці дэмакратый – міжурадавай кааліцыі краін, якая імкнецца пашыраць дэмакратычныя прынцыпы і ўстановы ў свеце. Мерапрыемствы праходзяць з 2 па 4 ліпеня ў Кракаве.

 

Мэтай сустрэчы, якую зладзіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, будзе вызначэнне плану дзейнасці міжнароднай супольнасці на бліжэйшыя гады па падтрымцы дэмакратыі. Прадстаўнікам 108 краін-удзельніц супольнасці будзе прэзентавацца таксама польскі досвед перыяду дэмакратычнай трансфармацыі пад назвай "Салідарнасць у глабальным абсягу”.

 

У ліку 700 удзельнікаў сустрэчы ў Кракаве - былыя кіраўнікі краін ды ўрадаў, парламентары розных краін свету, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, няўрадавых арганізацый ды СМІ. Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі пацвердзілі больш за 70 урадавых прадстаўніцтваў, у тым ліку – больш за 20 на ўзроўні міністраў замежных спраў. Афіцыйнае прадстаўніцтва Беларусі адсутнічае.

 

Паводле Віталя Рымашэўскага, тэма канферэнцыі цікавая і для Беларусі:

 

Мэта гэтай канферэнцыі таксама ў тым, каб актывізаваць людзей арганізацыі, якая было створана дзесяць год назад, але, шчыра кажучы, працавала пасіўна. Ідэя арганізатараў у тым, каб актывізаваць гэтую дзейнасць. Для Беларусі гэта надзвычай актуальна. Мне, па-першае, ужо зараз будзе цікава паглядзець, як людзі працуюць ва ўсім свеце ў гэтым кірунку развіцця дэмакратыі, як яна капіруецца, а таксама і распавесці пра тое, што патрэбна для Беларусі, як ёй лепей дапамагаць, а не шкодзіць.

 

Міжурадавая кааліцыя Супольнасць дэмакратый узнікла ў 2000 годзе па ініцыятыве прафесара Браніслава Герэмка і дзяржсакратара ЗША Мэдлін Олбрайт.

Крыніца: Радыё "Рацыя"

Навіны па тэме