Глыбоцкі ідэолаг спрабаваў сарваць канцэрт у памяць Ларысы Геніюш

25.07.2010, 23:43  |  Навіны, Грамадства, Культура

Глыбоцкія ўлады спрабавалі забараніць правядзенне канцэрта бардаўскай песні ў в. Мосар Глыбоцкага раёна, які быў прымеркаваны да 100-годдзя беларускай паэткі Ларысы Геніюш.

 

Канцэрт мусіў прайсці 25 ліпеня ў рамках парафіяльных урачыстасцяў святой Ганны. Арганізатарам была кіраўніца культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча, лаўрэатка прэміі “За свабоду думкі” Ада Райчонак.

 

На правядзенне канцэрта была згода ксяндза Уладзіміра Шымуковіча. Аднак перад самай імпрэзай да арганізатараў выйшаў ксёндз і забараніў праводзіць канцэрт на пляцоўцы каля касцёла. Паводле ксяндза, канцэрт “забаранілі мясцовыя ўлады”.

 

Відавочцы кажуць, што перад тым да ксяндза падыходзіў ідэолаг Глыбоцкага райвыканкама Міхаіл Чарапкоўскі. Супрацоўнік прэсавай службы БХД датэлефанаваўся да чыноўніка, аднак той адмовіўся ад размовы ды папрасіў ператэлефанаваць у працоўны час.

 

Канцэрт усё ж адбыўся на беразе возера Царкавішча, што каля Мосара. Выступілі Зміцер Бартосік, Тацяна Беланогая, Андрэй Жбанаў, Марыя Новікава ды іншыя выканаўцы.

Навіны па тэме