“Пішы заяву на Галаваня – інакш пасадзім цябе”

04.08.2010, 14:47  |  Навіны, БХД

Пад ціскам міліцыянтаў жыхар Віцебска напісаў заяву ў міліцыю, у якой спрабуе абвінаваціць актывіста БХД Алеся Галаваня ў ілжывым паведамленні пра злачынства.

 

Актывіст БХД Алесь Галавань 4 жніўня быў выкліканы на вочную стаўку. Вочная стаўка праводзілася з грамадзянінам, які тры гады таму напаў на актывіста і адабраў мабільны тэлефон і пашпарт. Грамадзянін не адмаўляў таго, што ён здзейсніў напад, а таксама прызнаўся, што пад ціскам міліцыянтаў напісаў супраць Алеся Галаваня заяву аб быццам бы ілжывым паведамленні пра злачынства.

 

“Чалавек сказаў, што да яго прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і загадалі яму напісаць заяву супраць мяне. Сказалі яму, “пішы заяву на Галаваня – інакш пасадзім цябе”, - сказаў Алесь Галавань у інтэрвію прэсавай службе БХД. Па словах актывіста, гэтая інфармацыя, хоць і гучала падчас допыту, не была занесеная ў пратакол.

 

Таксама, паводле слоў Алеся Галаваня, следчы падчас допыту сказаў, што дадзеная справа разглядаецца “на высокім узроўні” і што там будзе вырашацца, ці працягваць яе, ці закрываць. Следчы запытаў у актывіста, дзе той будзе знаходзіцца бліжэйшым часам і паабяцаў зноў выклікаць на допыт.

 

Алесь Галавань – вядомы моладзевы актывіст БХД. Неаднаразова быў затрыманы міліцыянтамі за распаўсюд друкаванай прадукцыі. На думку сябраў БХД, дзеянні праваахоўных органаў могуць быць выкліканыя імкненнем ізаляваць актывіста напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Навіны па тэме