БХД звяртаецца да Апостальскага Нунцыя Марціна Відавіча ў справе грунвальдскай шыльды

09.08.2010, 12:39  |  Навіны, БХД, Культура

Сустаршыня БХД Павал Севярынец накіраваў Апостальскаму Нунцыю Марціну Відавічу зварот з нагоды ўсталявання польскамоўнай грунвальскай шыльды ў касцёле ў Гародні.

 

"Шаноўны Арцыбіскуп Марцін Відавіч,

Ваша Эксцэленцыя,

 

18 ліпеня гэтага года ў Касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Гародні была адкрыта памятная шыльда ў гонар герояў Грунвальда. Выканаў шыльду Тадэвуш Малевіч, асвяціў яе пробашч кс. Антоній Ханько.

 

Тэкст на дошцы (у арыгінале): «Na pamiątkę zwycięstwa wojsk polsko-litewskich nad Zakonem Krzyżackim w polach Grunwaldu. XV.VII.MCDX – XV.VII.MMX.»

 

У сувязі з усталяваннем гэтай шыльды ў нас ёсць да Вас наступныя пытанні:

 

- Чаму ў касцёле ў Беларусі выкарыстаная толькі польская мова і надпіс не прадубляваны па-беларуску?

 

- Вядома, што траціну войска хаўруснікаў складалі беларусы, а на шыльдзе напісана, што перамаглі польска-літоўскія войскі (што супярэчыць гістарычнай праўдзе). Чаму няма ні слова пра беларусаў?

 

На жаль, прыклады такога перадузятага стаўлення да гістарычнай спадчыны і грэбавання беларускай мовай у Гарадзенскай дыяцэзіі не адзінкавыя. Мы прызнаем вялікі ўнёсак Касцёла ў захаванне нацыянальнай спадчыны, у першую чаргу ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Віцебскай і Пінскай дыяцэзіях, але, на жаль, у Гарадзенскай дыяцэзіі назіраецца адваротнае.

 

Просім Вас, як прадстаўніка Свяцейшага Прастолу ў Беларусі, патлумачыць Вашае стаўленне да ігнаравання беларускай мовы і культуры ў гэтым канкрэтным выпадку, і распарадзіцца прынамсі перарабіць гэтую шыльду.

 

Вельмі спадзяемся на шчыры адказ і ўзаемаразуменне.

 

З павагай,

 

сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец."

Навіны па тэме

Фото юзера zdanek
zdanek 09.08.2010
ага, сп. Севярынец, вы блытаеце паўнамоцтвы нунцыя і гарадзенскага біскупа...

лепш бы прафінансавалі стварэнне шыльды па беларуску і прапанавалі павешаць!
Фото юзера zdaneku
zdaneku 09.08.2010
Vidavich vyshej u gierarhii, a Kashkevich jak biskup z palshchyznaj u kasciole nichoga nia robic. Shto zh da shyldy, vos budze smehu, kali pachnecca ustaliavanne "kankurentnuh" shyldau z roznymi zmestami! Shylda music byc adna -- na 2 ci 3 movah. Zvarot slushny.
Фото юзера LM WKL
LM WKL 10.08.2010
Szto można było b adkazać BChD... http://lm-wkl.livejournal.com/55508.html
Фото юзера ligawkl
ligawkl 12.08.2010
Мы таксама лічым, што было б лепш, каб надпіс быў прадубляваны па беларуску, але таксама нормай права ёсьць тое, што мову надпісу абірае аўтар ці сааўтары ў згодзе з мясцовай парафіяй. Калі б не было згоды пробашча, надпіс у такой форме не зьявіўся б. Трэба дадаць, што насуперак дастаткова павярхоўным поглядам, што польская мова мае штучны радавод на нашых землях, гэта ня так. І этнічнае паходжаньне тут не пры чым. Польская мова некалькі стагодзьдзяў прысутнічала ў справаводзтве як касьцельным, так і гаспадарствавым ВКЛ. Мы не разьбіраем зараз прычынаў гэтага факту, але так было і правам парафіі ёсьць вызначэньне ў якой мове вядзецца набажэнства, ці зьмяшчаюцца шыльды ў касьцёле. Ведаючы сытуацыю знутры можам адказна сьцьвярджаць, што вернікі парафій Гарадзенскай дыяцэзыі не жадаюць адмаўляцца ад польскай мовы набажэнстваў і адпаведна публічнай комунікацыі. Гэта іх права. Напэўна пан Павал ведае, што БХД шануе падобнае права ў дачыненьні да РПЦ у Беларусі, не протэстуючы супраць шматлікіх фактаў выключнага выкарыстаньня рускай мовы. Таксама наколькі нам вядома БХД не протэстуе супраць выключнага ужываньня ў тым ці іншым абсягу рускай мовы ў парафіях шматлікіх протэстанцкіх дэномінацыяў. На тле гэтай сытуацыі вельмі дзіўна выглядае падобнае пытаньне да РКК, у якім прогрэс у выкарыстаньні беларускай мовы відавочны.