Расійскую амбасаду ў Мінску закідалі кактэйлямі Молатава

31.08.2010, 12:49  |  Навіны, Палітыка, Грамадства

На тэрыторыю амбасады кінулі дзве бутэлькі з запальнай сумессю. У выніку адна з машын была часткова пашкоджаная.

 

Па іншых дадзеных, бутэлек было дзве. У выніку адна бутэлька трапіла ў службовую машыну, прыпаркаваную на стаянцы каля гмаха. Пра гэта «Інтэрфаксу» паведаміў супрацоўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва, які стаў адным з сведак здарэння. У інцыдэнце ніхто не пацярпеў.

 

Паводле звестак МНС Беларусі, інцыдэнт адбыўся каля 22.50. Па словах крыніцы, бутэлька з запальнай сумессю, патрапіўшы ў задняе шкло аўтамабіля «Мазда-3», разбіла яго і ў салоне загарэлася.

 

Аднак прадстаўнік МНС Беларусі заявіў РІА «Навіны», што «як такога пажару не было», і дапамога пажарных не патрабавалася. Па дадзеных МНС, на тэрыторыю амбасады былі кінутыя дзьве бутэлькі з запальнай сумессю.

 

У дзяжурнай частцы ГУУС Мінгарвыканкама паведамілі, што па інцыдэнце ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 339 КК РБ (хуліганства). Рэшткі гаручай вадкасці забраныя для экспертызы. Устанаўліваюцца асобы людзей, якія кінулі бутэлькі. Мяркуецца, што іх было двое.

 

Як любое пасольства, прадстаўніцтва Расеі надзейна ахоўваецца. Каля яго дзейнічае сталы пост міліцыі. Перыметр амбасады прыглядаецца відэакамерамі сачэння.

 

Начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Аляксандр Ластоўскі таксама паведаміў некаторыя падрабязнасці інцыдэнта. У прыватнасці, стала вядома, што на месцы злачынства знойдзеная бутэлька ёмістасцю 0,33 літра з рэшткамі запальнай сумесі, а таксама аскепкі яшчэ адной бутэлькі з рэшткамі кнота.

 

Уранку аўторка з’явіліся і афіцыйныя каментары Мінстэрстваў замежных спраў абедзвюх краін.

 

«Расцэньваем дадзенае здарэнне як абуральны акт, за якім праглядаецца імкненне пэўных сілаў паспрабаваць перашкодзіць нармальнай працы амбасады і прыўнесці ў двухбаковыя адносіны элементы недаверу і напружанасці»,

— гаворыцца ў заяве МЗС РФ.

 

Расійскае МЗС накіравала Беларусі ноту пратэсту, у якой патрабуе расследавання інцыдэнта.

 

Беларускае ведамства, у сваю чаргу, заяўляе, што «мы з заклапочанасцю і абурэннем успрынялі інфармацыю аб здарэнні каля пасольства Расійскай Федэрацыі. Гэтая злачынная хуліганская выхадка скіравана супраць цвярозага розуму і беларуска-расійскіх адносінаў».

 

На расійскую амбасаду ў Мінску нападалі тройчы. Першы інцыдэнт здарыўся ў ноч на 1 красавіка 1997 г. Тады будынак дыпламатычнага прадстаўніцтва быў абстраляны з аўтамата Калашнікава. Сляды ад куль былі знойдзеныя не толькі на сценах амбасады, але і суседняга жылога дома. Побач з месцам здарэння быў знойдзены кінуты аўтамат і некалькі стрэляных гільзаў. Ніхто не пацярпеў.

 

Другая атака адбылася ў ноч на 1 чэрвеня 2001 г. Тады на тэрыторыю пасольства ў сталіцы Беларусі невядомымі была кінутая выбухоўка. Выбухам была пашкоджаная агароджа, ніхто не пацярпеў.

 

Усе інцыдэнты адбываліся ў ноч на першы або апошні дзень месяца. Апошнія два напады звязвае тое, што здараліся яны незадоўга да чарговай прэзідэнцкай кампаніі.

 

Алесь Пілецкі

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме