Прысуд вілейскім актывістам, што ўсталявалі крыжы памяці, так і не вынеслі

01 кастрычніка 2009 11:29  |  Навіны

Сёння адбыўся суд, на якім разглядалі абвінавачанне ў правядзенні несанкцыянаванага мітынгу ў дачыненні да вялейскіх актывістаў Уладзіміра Малярчука, Аляксея Сюдака, Аляксандра Наркевіча. Аднак пасля шмагадзінных апытанняў сведкаў і падсудных, прысуд так і не быў вынесены.

 

Актывістаў абвінавачваюць у тым, што 1 верасня 2009 года яны арганізавалі несанкцыянаваны мітынг. “Мітынгам” праваахоўныя органы спрабуюць назваць простае ўсталяванне крыжоў і ўскладанне кветак. Актывісты ўсталявалі два крыжы: Расціславу Лапіцкаму, беларускаму патрыёту, растралянаму на гэтым месцы ў 1950 годзе, а таксама крыж ахвярам сталінскіх рэпрэсій. А 9 верасня на тым жа месцы, быў усталяваны яшчэ адзін крыж «Героям Беларусі». Крыжы былі асвечаныя праваслаўным святаром. А ўжо 10 верасня іх знішчылі, паведамляе сайт vialejka.org.

  

Па інфармацыі мясцовых жыхароў, гэта зрабіў старшыня Асіповіцкага сельскага Савета Мікалай Гіль. Між тым, падобныя крыжы стаяць у шмат якіх вёсках,  і дазволу на іх ўстаноўку ніхто ніколі не патрабаваў.

 

Тады Малярчук, Сюдак і Наркевіч напісалі заяву ў міліцыю, каб разабрацца з актам вандалізму. Аднак адміністрацыйная справа была заведзеная на іх саміх. Паводле заявы Вялейскага райвыканкаму, які звярнуўся ў РАУС з патрабаваннем разабрацца з “удзельнікамі несанкцыянаванага мітынгу”.

 

Суддзя спрабаваў знайсці ў дзеяннях актывістаў хаця б нейкія “заклікі”. Аднак усе  паказанні, што давалі на судзе актывісты і сведкі, канстатавалі, што і падчас падрыхтоўкі устаноўкі крыжоў і падчас самой акцыі мелі месца толькі звычайныя размовы. Проста некалькі чалавек распавялі пра жыццё і трагічную смерць Расціслава Лапіцкага.

  

У выніку вынясенне прыгавору было перанесенае на 2 кастрычніка.

 

Падтрымаць падсудных прйшло шмат людзей, і не толькі з Вялейкі. У тым ліку з Менску прыехаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

 

Я прыехаў, каб патрымаць мясцовых актывістаў, сяброў партыі БНФ. Прычым ня проста актывістаў партыі але і маіх асабістых сяброў, з якімі ў мяне добрыя стасункі. Спадзяюся што мая прысутнасць паспрыяе большаму прыцягненню ўвагі да гэтай падзеі.

  

Я лічу што гэта дзікунства, абсурд – калі “за вушы” прыцягваюць абвінавачанні ў правядзенні несаакцыянаванага мерапрыемства. Тым больш калі гэта робіцца ў такой форме, ды з такой нагоды, як усталёўка крыжоў. Упэўнены, што сітуацыю з гэтым судом нельга пакідаць па-за ўвагай грамадскасці і СМІ, – адзначыў Аляксей Янукевіч.

Болей навін