Кавальчуку прысудзілі штраф, але шыльду аддадуць

15.09.2010, 12:15  |  Навіны, Грамадства

У Ваўкавыску адбыўся суд над Міколам Кавальчуком, якога абвінавачвалі ў самавольным вывешванні мемарыяльнай шыльды ў гонар Ларысы Геніюш. Суддзя прысудзіў штраф, але пастанавіў вярнуць Кавальчуку шыльду.

 

Сёлета 27 ліпеня Мікола Кавальчук усталяваў памятную шыльду ў гонар 100-годдзя Ларысы Геніюш на доме, у якім нарадзілася паэтка. Гэты дом у свой час быў перавезены з хутара Жлобаўцы ў Ваўкавыск. Аднак, паводле загаду райвыканкама, шыльда была знятая супрацоўнікамі праваахоўных органаў, якія склалі пратакол на Мікалая Кавальчука і абвінавацілі яго ў тым, што ён самавольна без адпаведнага дазволу ўсталяваў гэтую дошку.

 

Сёння суд вынес пастанову і прызначыў штраф у памеры 70 тысяч беларускіх рублёў за самавольнае ўсталяванне шыльды. У той жа час суд пастанавіў вярнуць памятную шыльду, якая зараз знаходзіцца ў міліцыі, яе законнаму ўладару Мікалаю Кавальчуку. Сп. Кавальчук не выключае, што будзе абскарджваць рашэнне суда, а таксама звяртацца ў пракуратуру з мэтай дазнацца, хто тыя людзі, якія знялі шыльду, бо яны ў свой час не прадставіліся і праводзілі нейкую спецаперацыю каля дома, на якім была ўсталявала шыльда.

Крыніца: Радыё "Рацыя"

Навіны па тэме