Лукашэнка: Навядзём парадак з партыямі і грамадскімі арганізацыямі

17.09.2010, 11:41  |  Навіны, Палітыка

«Дзяржава будзе значна больш увагі надаваць грамадскім аб’яднанням і партыям», — з такою двухсэнсоўнаю заявай выступіў Аляксандр Лукашэнка 16 верасня на шостым з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

 

Пра сябе ён гаварыў у першай асобе множнага ліку: «Калі нам народ і Гасподзь дазволяць працаваць у адпаведных якасцях, у новай пяцігодцы мы будзем мець адносіны значна большыя», — цытуе зварот Лукашэнкі да прысутных на з’ездзе ягоная прэс-служба.

 

Кіраўнік дзяржавы таксама назваў адным з вялікіх недахопаў сваёй працы тое, што раней ён надаваў гэтаму пытанню менш увагі.

 

Ён паўтарыў свой ранейшы тэзіс аб тым, што саветы, прафсаюзы, маладзёжныя, ветэранскія, жаночыя арганізацыі — г.зн. кантраляваныя дзяржавай структуры — ёсць «асновай грамадзянскай супольнасці».

«І няма чаго тут выдумляць і падкідваць нам тэзісы з-за мяжы, якой павінна быць грамадзянская супольнасць і як яе павінны разумець». Ён падкрэсліў: «Мы будзем фармуляваць гэтыя рэчы такім чынам, каб не разбурыць мір і стабільнасць у нашай дзяржаве».

 

Пад стабільнасцю тут разумеецца захаванне ўлады лукашэнкаўскай групоўкай.

 

 У той жа час ён не выключыў пераходу да ўзмацнення партыйнай сістэмы, але без канкрэтных тэрмінаў: «Я не супраць партыйнага будаўніцтва, нармальных апазіцыйных партый, не супраць вядучай пэўнай партыі, але гэта павінна вызначыць само жыццё «,

 — сказаў кіраўнік дзяржавы.

 

«У далейшым мы абавязкова больш увагі нададзім грамадскім арганізацыям і партыям у плане таго, што нам трэба навесці, калі проста гаварыць, парадак у гэтым і нарматыўна, і арганізацыйна», — падагульніў ён. Гэтыя словы можна трактаваць і як намер узмацніць кантроль, і як магчымасць дасць большую прастору для дзеяння для прымальных для ўлады арганізацый.

 

Мікола Бугай

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме