У Воранаўскім раёне адкрыты помнік Вітаўту

24.09.2010, 10:22  |  Навіны, Культура

Аўтар помніка — літоўскі скульптар Альгімантас Сакалаўскас, які стварыў разам са сваімі вучнямі каля 500 скульптур, — устанавіў статую паміж будынкамі сярэдняй школы і касцёла святога Лінаса. Скульптура вышынёй больш за шэсць метраў выраблена з асаблівай пароды дуба ў тэхніцы традыцыйнай літоўскай нацыянальнай разьбы па дрэве. Скульптар паказаў князя ў вобразе рыцара з каронай, які ў левай руцэ трымае скіпетр — знак улады, а правай абапіраецца на меч.

 

Помнік устаноўлены пры падтрымцы грамадскага аб'яднання "За грамадзянскую супольнасць" (Літва).

 

Як адзначыў старшыня пялескага грамадскага аб'яднання літоўцаў "Гімтыне" ("Айчына") Ёнас Мацюлявічус, ў пачатку мінулага стагоддзя ў вёсцы Дубінцы, што за тры кіламетры ад Пялесы, быў узведзены помнік Вітаўту, шлях якога з Вільні ў Гродна 600 гадоў таму праходзіў цераз Дубінцы і Пялесу. Па ініцыятыве выхадца Воранаўскага раёна дзяржаўнага і грамадскага дзеяча Літвы Ізідоруса Шымяленіса было вырашана адкрыць статую Вітаўту ў Пялесе, бо Дубінцы аднесеныя да неперспектыўных вёсак.

 

Паводле слоў ігумена пялескага касцёла святога Лінуса ксяндза Пятраса Касціціса Крыкшчукайтыса, каб стварыць магутную дзяржаву, вялікі Вітаўт узводзіў касцёлы, аб'ядноўваў людзей розных нацыянальнасцяў і рэлігій не сілай, а чалавечай любоўю, прымаючы ў Вялікае княства Літоўскае яўрэяў, татараў і цыган.

 

Святар выказаў надзею на хутчэйшае ўвядзенне для грамадзян Літвы і Беларусі, якія пражываюць у 50-кіламетровай памежнай зоне, рэжыму свабоднага перасячэння мяжы. У адкрыцці помніка ўдзельнічалі пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, дэпутаты літоўскага сейма, прадстаўнікі шэрагу міністэрстваў Літвы і грамадскіх аб'яднанняў літоўцаў Беларусі, а таксама ўлад Воранаўскага раёна.

 

Адкрыццё помніка было прымеркавана да свята святога Лінаса, прысвечанага другому папу рымскаму пасля апостала Пятра. Лінас лічыцца пакутнікам і заступнікам людзей.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме