Прэзентацыя - Гадуйма беларусікаў!

24.09.2010, 13:25  |  Навіны, Культура

Сёння, 24 верасня, а 17 гадзіне ў Таварыстве беларускай мовы адбудзецца прэзентацыя незвычайнага аўдыядыска пад знаёмай для многіх назвай "Дзіцячы альбом". Гэта — не Чайкоўскі, хоць назва невыпадкова адсылае нас да геніяльнага стваральніка лёгкіх фартэпіянных п'ес. І мэта, і адрасат, і тэма тут цалкам супадаюць. Беларускі "Дзіцячы альбом" — гэта зборнік 27 народных песень, якія спявалі калісьці бабулі нашым будучым мацяркам і бацькам і якія, на жаль, наўрад ці чулі нашы дзеці.

 

Альбом запісаны дзвюма музычнымі сем'ямі: Змітром і Тамашом Сідаровічамі і Таццянай і Адасём Матафонавымі. Большасць гэтых песень прадстаўлена сучаснаму слухачу ў аўдыяварыянце ўпершыню.

 

"Пэўнае ўражанне на нас, як і на ўсіх у дзяцінстве, зрабілі дзіцячыя песенькі з савецкіх мультфільмаў. Даўно хацелася зрабіць нешта падобнае на беларускай глебе, — каментуе падзею Зміцер Сідаровіч. — З іншага боку, альбом быў задуманы як карцінка беларускай сям'і, у якой бацькі пасля работы не ўнурваюцца моўчкі ў тэлевізар, а ўключаюць камп'ютар, расстаўляюць мікрафоны і разам з дзецьмі бяруць у рукі музычныя інструменты".

 

Так усё і было на працягу амаль двух гадоў працы над альбомам. Бацька і сын і іх сябры па дзіцячым садку — маці і сын — збіраліся разам увечары і выхадныя, адкрывалі фальклорныя зборнікі і... самі здзіўляліся таму, наколькі многа сонечных, вясёлых, паэтычных песень адрасавалі нашы продкі сваім маленькім дзеткам. Як лёгка і радасна іх спяваць і запамінаць, якія багатыя вобразы яны нараджаюць!..

Прэзентацыя - Гадуйма беларусікаў!

 

"Адной з задач альбома было "звесці разам, пад адным дахам" дзве "народныя" традыцыі, — кажа Таццяна Матафонава, — вясковую, якая бярэ пачатак ад такіх інструментаў, як дуда, скрыпка, гармонік; і гарадскую, якая пачынаецца ад шасціструннай гітары.

 

Другой задачай было, не змяніўшы аніводнай ноты ў народных матывах, — даць такія аранжыроўкі, каб архаічныя традыцыйныя песні весела і жыва гучалі ў рэаліях XXІ стагоддзя".

 

Альбом адрасаваны для сямейнага праслухоўвання, а таксама для выкарыстання ў музычным выхаванні ў садках і школах.

 

Вольга Мядзведзева.

Крыніца: "Звязда"

Навіны па тэме