Трусаў: «Сцяна Каложы можа не вытрымаць»

25.09.2010, 11:28  |  Навіны, Культура

У Гродне прайшла канферэнцыя «Рэканструкцыя Каложы: за і супраць».

 

У абмеркаванні ўдзельнічалі гісторыкі, архітэктары, быў кіраўнік праекта рэстаўрацыі Генадзь Лаўрэцкі і каля ста жахыроў горада. Запрашалі прадстаўнікоў мясцовай ўлады і праваслаўнай епархіі, але ад іх ніхто не прыйшоў.

 

Праект, прапанаваны архітэктарам Генадзем Лаўрэцкім, прадугледжвае адначасова і рэстаўрацыю сцен, і рэканструкцыю — дабудову купала, даху і прыбудовы. З патрэбай рэстаўрацыі ўсе ўдзельнікі дыскусіі былі згодныя, але дружна выступалі супраць рэканструкцыі.

 

- Ніхто не ведае, як Каложа выглядала раней, таму тое, што пабудуюць, — гэта фэнтэзі. Усе будуць ведаць, што гэта не натуральная Каложа, а выдумка архітэктара», — казаў Алесь Краўцэвіч, гарадзенскі гісторык і археолаг, доктар гістарычных навук.

 

Заказчыкам рэканструкцыі Каложы з’яўляецца «Грамадзянпраект», хто будзе выканаўцам — яшчэ не вырашана. Прысутныя сумняваліся, ці будзе рэканструкцыя якаснай.

 

У нас ужо ёсць прыклады як праводзіць рэканструкцыю „Грамадзянпраект“ — разбураць і збудуюць з сілікатных блокаў.

Прыклад — Лідскі замак, дзе збудавалі панэльную лесвіцу. А наша галоўная задача — не нашкодзіць», — працягваў Краўцэвіч.

 

Археолаг і старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, што кіраваў раскопкамі ў Каложы ў 1980-я, адзначыў, што сёння не хапае грошай нават на тое, каб аплаціць складанне будаўнічага праекту. А на рэканструкцыю і рэстаўрацыю Каложы патрэбна нашмат больш.

 

Трусаў выказаў сумнеў, што без дзяржаўных, бюджэтных сродкаў, удасца паднавіць Каложу.

 

Дабрачынны рахунак па зборы грошай на аднаўлення царквы адкрыты, але грошы збіраюцца не на саму рэканструкцыю, а на стварэнне будаўнічага праекту.

 

Трусаў адзначыў, што прыступаць да работ рана, пакуль не правялі археалагічныя, геалагічныя даследванні. Таксама невядома, ці зможа аўтэнтычная сцяна Каложы вытрымаць новы дах і купал. Спачатку трэба праводзіць работы па рэстаўрацыі, кансервацыі, а не ствараць праект рэканструкцыі, лічыць Трусаў.

 

Навукоўцы сумняюцца, ці ўвогуле можна пускаць тэхніку на ўзгорак дзе стаіць Каложа. Бо яшчэ не знікла праблема апоўзня, невядома ці спыніўся ён.

 

Згодна з праектам, сцены, якія збіраюцца дабудаваць, будуць з цэглы і сілікатных блокаў.

 

Ці вытрымаюць падмуркі цяжкую канструкцыю? Будаўнік, прысутны на канференцыі, адзначыў, што тэрмін выкарыстання сілікатных блокаў складае ўсяго пяцьдзясят гадоў. Ці не давядзецца праз гэты час зноў рабіць рэканструкцыю Каложы?

 

Кіраўнік праекту Генадзь Лаўрэцкі адказаў, што распрацоўка сцен яшчэ вядзецца, гэтым займаеца «Грамадзянпраект». У канцы абмеркавання ён адзначыў, што ўсе рэкамендацыі і прапановы былі вельмі слушныя. Толькі ці прыслухаюцца да іх?

 

Ганна Навумовіч

Крыніца: "Наша Ніва"

Навіны па тэме