Важныя этапы выбарчага працэсу застаюцца закрытымі

29.09.2010, 12:38  |  Навіны, Палітыка

Галоўным адрозненнем прэзідэнцкіх выбараў гэтага года стане кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары", якая не праводзілася ў 2006 годзе. У межах кампаніі плануецца ажыццяўляць на выбарах доўгачасовы і кароткачасовы маніторынг.

 

Многія важныя этапы выбарчага працэсу застаюцца закрытымі, паведаміў прадстаўнік аргкамітэта па стварэнні праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч. Паводле яго слоў, не ўлічваецца неабходнасць паасобнага падліку галасоў з урнаў для датэрміновага, галасавання на даму і асноўнага галасавання:

 

– Адзінае патрабаванне падліку галасоў, якое ўтрымліваецца ў кодэксе, гэта тое, што яно мусіць адбывацца раздзельна, гэта значыць, спачатку павінны падлічвацца бюлетэні, якія знаходзяцца ў скрынях для датэрміновага галасавання, потым галасавання на даму і ў асноўны дзень. Але якім чынам менавіта камісія лічыць, гэта нідзе не напісана. Паводле старшыні Цэнтральнай камісіі, выбарчыя камісіі павінны самі вырашаць, якім чынам гэта робіцца. Падлік, які праводзіцца ўсімі сябрамі камісіі адначасова, калі кожны лічыць толькі свой стос і такім чынам ніхто не бачыць рэальнага падліку. Калі б Цэнтральная камісія ўрэгулявала гэтае пытанне, то можна было б зрабіць цалкам празрыстым падлік галасоў, каб назіральнікі таксама знаходзіліся непасрэдна каля стала і адзін сябра камісіі лічыў гэтыю бюлетэні, дэманструючы і называючы тое, што ў іх ёсць. Гэта мы бачылі ў іншых краінах, у прыватнасці, ва Украіне.

 

Па словах Валянціна Стэфановіча, інфармацыя аб парушэннях будзе максімальна аператыўна даведзена да беларускай і міжнароднай грамадскасці. Удзельнікі кампаніі, па яго словах, будуць рабіць паэтапныя справаздачы і агульны даклад па выніках назірання.

 

Адказваючы на пытанне аб магчымасці правядзення ў Беларусі празрыстых выбараў, праваабаронца адзначыў, што пры існуючым заканадаўстве гэта рэальна, але неабходна жаданне арганізатараў выбараў.

Крыніца: БелаПАН

Навіны па тэме