Да 80-годдзя Уладзімера Караткевіча ў Кіеве паставяць помнік, а ў Менску — не

29.09.2010, 12:46  |  Навіны, Свет, Культура

Помнік Уладзімеру Караткевічу паўстане ў Кіеве на вуліцы Міхайлы Кацюбінскага каля будынку амбасады Рэспублікі Беларусь. Ягоныя аўтары, пераможцы творчага конкурсу на лепшы праект помніка беларускія скульптары Канстанцін Селіханаў і Алег Варвашэня, спадзяюцца, што бронзавы Караткевіч вернецца ў горад свайго студэнцтва сёлета ў дзень народзінаў — 26 лістапада.

 

Алег Варвашэня сказаў у інтэрвію радыё «Свабода», што яны з суаўтарам Канстанцінам Селіханавым ужо завяршылі працу над макетам помніка і адправілі яго на скульптурны камбінат, каб адліць у мэтале. І вось як, паводле словаў спадара Варвашэні, будзе выглядаць двух з паловай мэтровы бронзавы Караткевіч.

 

«Гэта стаячая фігура. Караткевіч у барэце і паліто, рукі — у кішэні, свабодная такая поза, крыху глядзіць уніз і ўбок».

 

Месца, вызначанае для помніка, на думку скульптара, вельмі няўдалае. Побач з будынкам амбасады размешчаны шпіталь, сцены якога засланяюць пэрспэктыву. Каб адцяніць гэтае суседства, аўтары стварылі ззаду бронзавага Караткевіча вялікую раскрытую кнігу. Сама фігура пісьменніка будзе на тле адной старонкі, а на тле другой будуць выбітыя ягоныя вершаваныя радкі па-ўкраінску і па-беларуску:

 

 

«І пад птушак зялёны гоман

Нарадзіліся для абшараў, —

Плод кахання бору і хмары, —

Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман».

 

Прывязку помніка да тэрыторыі робіць архітэктар Аляксандр Корбут. Яму спрыяюць у гэтым кіеўскія калегі.

 

Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Кіеве, дзе ў 1949-54 гадах ён вучыўся на філялягічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Тараса Шаўчэнкі — гэта дар беларускага афіцыйнага боку ўкраінскаму. Закладку каменя пад пастамэнт зрабілі ў лістападзе мінулага году міністры культуры дзьвюх краінаў. А вось калі адбудзецца адкрыццё самога помніка, пакуль дакладна не вядома, кажа галоўны спэцыяліст Міністэрства культуры Беларусі Людміла Назарава:

 

«Канкрэтныя тэрміны я вам назваць пакуль не магу. Гэта не залежыць ад міністэрства культуры толькі. Гэта залежыць яшчэ ад больш высокіх структур».

 

У планах мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю з дня нараджэння Ўладзімера Караткевіча запісана і ўсталяванне помніка ў Менску. Пра тое, калі рэалізуюцца гэтыя пляны, спадарыня Назарава сказала:

 

«Пакуль што гэта ў стадыі намераў, пакуль што гэта водгук на прапанову грамадскасьці. Нават месца ўсталявання толькі абмяркоўваем. Але, паўтараю, гэта толькі ў стадыі намераў. Пакуль ніякіх ні распараджэнняў, ні дакумэнтаў на гэта няма».

 

Помнікі аднаму з самых любімых і папулярных беларускіх пісьменнікаў пастаўленыя ў ягоным родным горадзе Оршы і Віцебску. Памятныя шыльды ўсталяваныя ў Менску, Оршы і Рагачове на дамах, дзе ён жыў і тварыў. У Оршы дзейнічае музэй Уладзімера Караткевіча.

Навіны па тэме