ТБМ патрабуе вярнуць беларускую мову ва ўстановы адукацыі

29.09.2010, 13:10  |  Навіны, Культура

Кіраўніцтва РГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" патрабуе вярнуць беларускую мову ва ўстановы адукацыі, гаворыцца ў звароце сакратарыята ТБМ.

 

Аўтары заявы адзначаюць, што на працягу апошніх 16 гадоў ажыццяўляецца планамернае змяншэнне дашкольных і сярэдніх навучальных устаноў з беларускай мовай навучання (на пачатак 2010 навучальнага года толькі 18% школьнікаў змаглі пачаць навучанне па-беларуску), а таксама не прымаюцца захады па стварэнні ўмоў для навучання ў вышэйшых навучальных установах на мове карэннага этнасу.

 

Такім чынам, урад краіны стварыў непераадольныя цяжкасці для атрымання адукацыі на дзяржаўнай беларускай мове і тым самым парушыў узятыя на сябе абавязацельствы па забеспячэнні роўнага доступу да атрымання адукацыі ўсім грамадзянам Беларусь, падкрэсліваецца ў звароце.

 

Сакратарыят ТБМ патрабуе з 2011 навучальнага года даць магчымасці весці выхаванне на беларускай мове ў кожнай дашкольнай дзіцячай установе шляхам абавязковага стварэння беларускіх груп; з 2011 навучальнага года ўзнавіць дзейнасць не менш як па адной школе з беларускай мовай навучання ў кожным гарадскім населеным пункце краіны; прыняць захады па стварэнні беларускамоўных груп і плыняў ва ўсіх вышэйшых навучальных установах Беларусі; заканадаўча замацаваць, што выбар мовы выхавання і навучання забяспечваецца дзяржавай шляхам стварэння і існавання ва ўсіх гарадскіх населеных пунктах беларускамоўных выхаваўчых навучальных устаноў.

 

У інтэрв'ю БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў адзначыў, што да пачатку новага года неабходна спланаваць гэтыя новаўвядзенні, каб паспяхова рэалізаваць іх у наступным годзе. Акрамя таго, старшыня ТБМ лічыць мэтазгодным тэрмінова вярнуць у рускамоўныя сярэднія школы выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі выключна на беларускай мове. "І гэта можна зрабіць ужо на пачатку наступнага года", — падкрэсліў Трусаў.

 

Марат Гаравы.

Навіны па тэме

Фото юзера Zmicier
Zmicier 29.09.2010
Не думаю, што нешта з гэтага выйдзе, ніколі не выходзіла.