Праваслаўны сабор “удасканальваюць” сучаснай прыбудовай

01.10.2010, 11:22  |  Навіны, Культура

Праваслаўны Свята-Петрапаўлаўскі сабор на вуліцы Нямізе ў Менску "прырастае" сучасным уваходам. З чырвонай цэглы будаўнікі ўзводзяць вялікі "тамбур", якога апошнім часам там не было. Спэцыялісты кажуць, што так званы нартэкс пры храме існаваў да ХІХ стагоддзя, але потым быў разбураны. Аднак ці адпавядае цяперашні варыянт старажытнаму прататыпу?

 

У Экзархаце Беларускай праваслаўнай царквы запэўніваюць, што прытвор у саборы святых Пятра і Паўла быў і раней, але яго зь незразумелых прычынаў разбурылі падчас рэканструкцыі пры канцы XIX стагоддзя.

 

Наяўнасць такога канструктыўнага элемэнту пацвярджае і гісторык, спэцыяліст па архітэктуры Менску Ўладзімер Дзянісаў. Але ён робіць розьніцу паміж навукова абгрунтаваным аднаўленнем і самадзейнасцю, якая цяпер суправаджае большую частку такога тыпу працаў:

 

“Калі гэта грунтуецца на рэстаўрацыйных дакумэнтах, калі робіцца на аснове кваліфікаванай распрацоўкі, то гэта някепска. Але калі ўсё адбываецца саматужна, то, натуральна, гэта дрэнна. Трэба сказаць, што ўсе менскія храмы адпачатку ня мелі такіх прытвораў, ці нартэксаў, як яны ў тагачасных храмах называліся. Але дзесьці ўжо на пачатку XVIII стагодзьдзя ў сувязі з халодным кліматам такія канструкцыі пачалі з’яўляцца. Вельмі характэрная такая канструкцыя захавалася на былым касцёле езуітаў, цяпер гэта каталіцкі катэдральны касцёл на плошчы Свабоды. Штосьці накшталт гэтага было зроблена і ў царкве святых Пятра і Паўла. Нешта падобнае было і ў царкве Святога Духа, якую аднаўляюць, ды ў некаторых іншых храмах. Гэта рабілася з меркаванняў клімату, таму што ў нас усё ж суровыя зімы і бяз "тамбуру" ўваходзіць у царкву вельмі некамфортна”.

 

Свята-Петрапаўлаўскую царкву пачалі ставіць на пачатку XVII стагоддзя. За савецкім часам храм зачынілі і размясцілі там рыбны склад. Пасля II усясветнай вайны пацярпелы ад бамбавання будынак выкарыстоўвалі пад жытло. Потым там былі размешчаныя архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацыі БССР і архіў-музэй літаратуры і мастацтва БССР. У 1970-х царква была часткова рэстаўраваная з аднаўленнем аблічча XVII-XVIIІ стагоддзяў. Вернікам храм перадалі ў 1991 годзе.

 

Згаданы спадаром Дзянісавым нартэкс – памяшканне, першапачаткова прызначанае для маленьня тых, хто ня меў права ўваходзіць у сам храм, у прыватнасці катэхумэнаў. Пазней, калі знік звычай абмяжоўваць уваход на службу, патрэба ў нартэксе практычна адпала, але ён застаўся распаўсюджаным архітэктурным элемэнтам. З цягам часу, хутчэй за ўсё, прытвор сапраўды набыў функцыю "тамбуру", дзе ўзімку затрымлівалася халоднае паветра. Ці ёсць патрэба ў такім элемэнце сёння, вырашаюць, натуральна, гаспадары таго ці іншага культавага збудавання.

 

Аднак, паводле беларускага заканадаўства па ахове гістарычна-культурнай спадчыны, гістарычныя будынкі забаронена відазмяняць і мадэрнізаваць.

 

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч канстатуе, што гістарычны вобраз беларускай сталіцы паступова змяняецца да непазнавальнасці. Вуліца Няміга, на якой стаіць Свята-Петрапаўлаўская царква, амаль уся ператвораная ў муляж – на месцы зруйнаваных будынкаў паўсталі стылізаваныя "пад даўніну" гандлёвыя рады, офісы, паркінгі, супраць волі адмыслоўцаў і неабыякавай часткі грамадскасці фактычна сілком "насунутыя" на старыя падмуркі.

 

Гэткі ж лёс гатовы напаткаць і іншыя, яшчэ адносна ацалелыя фрагмэнты гістарычнай забудовы гораду. Паводле Астаповіча, напярэдадні Навукова-мэтадычная рада пры Міністэрстве культуры адхіліла альтэрнатыўную прапанову аднаўлення шматпакутнай вуліцы Гандлёвай, пацьвердзіўшы лінію на псэўдарэстаўрацыю. За аснову ўзяты варыянт "Менскпраекту", які, словамі суразмоўцы, выкананы з парушэньнем практычна ўсіх нормаў ахоўнага заканадаўства:

 

"Менскпраектаўская" прапанова зробленая з найгрубейшымі парушэннямі асноўных палажэнняў генэральнага пляну Менску, дэталёвага пляну рэстаўрацыі, рэканструкцыі, рэгенэрацыі і добраўпарадкаваньня гістарычнага цэнтру Менску, а таксама закону аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны, з грубымі парушэннямі будаўнічых нормаў у Беларусі. Наша прапанова выкананая строга ў адпаведнасці з існуючым і з зацверджаным горадабудаўнічым рэгламэнтам і з дзейным заканадаўствам. Нягледзячы на гэта, на падставе таго, што ў 2008 годзе ў гістарычным цэнтры ўздоўж вуліцы Гандлёвай з парушэньнем заканадаўства быў пракладзены і фэкальны калектар, і ліўневы калектар, і вось у прывязцы да гэтых калектараў і з апэляцыяй на тое, што гэтыя калектары пракладзеныя, і затрачаныя быццам бы народныя грошы (а народныя грошы пайшлі на незаконныя работы), нашу прапанову адхілілі, прыняўшы варыянт "Менскпраекту".

 

У дадатак да гэтага па-ранейшаму неакрэсленай застаецца сытуацыя вакол былых бэрнардынскага кляштару і касцёлу святога Язэпа, у якім месціцца частка дзяржаўнага архіву і які ўлады не зьбіраюцца вяртаць вернікам. Апроч таго, як паведаміў гісторык Уладзімер Дзянісаў, рэстаўрацыйныя работы ў манастырскіх будынках адбываюцца без выканання элемэнтарных патрабаванняў рэстаўрацыйных нормаў.

Навіны па тэме